Старонка:Ст Пичета Scoriniana.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пытаньне аб крыніцах перакладаў Скарыны зьяўляецца кардынальным пытаньнем у справе вывучэньня яго дзейнасьці. Бакмэйстэр першы пусьціў у ход думку, якую потым так часта паўтаралі дасьледчыкі, што «Пяцікніжжа» Скарыны перакладзена «с латинской Библии — Вульгаты зазываемой». Раўнаючы царкоўна-славянскія выданьні бібліі 1663 году і 1731 году, Бакмэйстэр адзначыў розьніцу гэтых выданьняў ад «Пяцікніжжа» Скарыны. Гэта дало Бакмэйстэру падставу зацьвярджаць аб перакладзе бібліі Скарынай з Вульгаты[1]. Тую-ж думку выказаў і Штрытэр. Па словах яго, «от всех славяно-российских печатных Библий и переводов отличается перевод Скорины тем, что большую часть с Вульгаты, т. е. латинского общего перевода Блаженного Иеронима сделан». Сваю думку Штрытэр выказаў таксама і ў іншым месцы, дзе пісаў, што пераклад Скарыны "не из 70 толковников, но из Вульгаты сделан[2]. Гэтую думку першы раз парушыў Даброўскі, які выказаў прыпушчэньне, што Скарына карыстаўся для свайго перакладу чэскай бібліяй. Гэта і было галоўнай прычынай, якая прымусіла Скарыну пасяліцца у Празе, каб карыстацца тлумачэньнямі спэцыялістых у тых выпадках, калі самы тэкст быў для яго незразумелым. Бясспрэчна, зробленая Даброўскім пастаноўка пытаньня зьяўлялася правільнай. Але каб давесьці сваю думку, Даброўскі не зрабіў ніякага дасьледваньня. Разам з тым Даброўскі адхіліў пераклад «Апосталу» з Вульгаты, бо лічыў, што скарынінскі «Апостал» ёсьць выпраўлены славянскі тэкст. Зразумела, думка Даброўскага была вельмі каштоўнай, і далейшым дасьледчыкам прышлося з ёю лічыцца. Але пройдзе яшчэ шмат часу, калі ідэі Даброўскага знойдуць далейшае разьвіцьцё ў артыкуле Галавацкага[3].

Базыль Сопікаў, за два гады перад выхадам артыкулу Даброўскага, выказаў спачатку прыпушчэньне, што «Библия Русская Скорины переведена с атинского перевода, именуемого Вульгата». Але Сопікаў выказаў таксама і іншую думку, што «достопамятный словенский перевод Библии славного Полоцкого доктора Скорины, изданный им в начале XVI века, не есть новый, но тот-же древний и только им несколько исправленный и поясненный, ибо только близкое оного сходство с нынешним служит тому ясным доказательством», і для сільнейшага доваду прыводзіць выпіску з «Апосталу» Скарыны. Ня гледзячы на такое зацьвярджэньне, Сопікаў яшчэ раз выказаў прыпушчэньне, што «Апостал» альбо «Дзеяньні» перакладзены з лацінскага перакладу, які завецца Вульгатай. Так Сопікаў заблытаўся ў сваіх прыпушчэньнях адносна крыніц перакладу скарынінскае бібліі і, стаўшы на ўпоўне правільны шлях, адначасна выказаў дзьве думкі, супраціўныя першай[4].

І мітрапаліт Аўген лічыць таксама, што Скарына перакладў біблійныя кнігі з лацінскага Гаронімава тэксту альбо Вульгаты[5]. Зразумела, тыя дасьледчыкі, якія лічылі Скарыну каталіком, думалі, што пераклад зроблены з Вульгаты. І арх. Філарэт, а пазьней і мітр. Макары, лічылі таксама, што пераклад старога закону Скарыны зроблены на «літоўска-рускую мову» з Вульгаты[6]. Каратаеў таксама, грунтуючыся на прадмове Скарыны да кнігі «Эстэр», думаў, што Скарына

  1. Бакмейстер. Op. cit., стар. 65-69.
  2. Штриттер. Op. cit., стар. 178 і 191.
  3. Владимиров. Op. cit., стар. VII—VIII.
  4. Сопиков. Op. cit., стар. 9, 25, 275.
  5. Владимиров. Op. cit., стар. XI. «Сын Отечества», 1821, стар. 169—172.
  6. Арх. Филарет. Op. cit., стар. 129—130.Митр. Макарий. Op. cit. Т. IX. Стар. 303—304. Каратаев. Op. cit., стар. 42.