Перайсці да зместу

Старонка:Страхі жыцьця (1919).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўмею, — за пастуха наймуся… Ня возьмуць — жабраваць пайду… Будуць гнаць вон — ў ле́с пайду… Усё роўна… Ня думаю, — каб толькі ўцякаць… Гоніць не́шта мяне́… Бо будзе са мной, як і з тваім бацькам… Чую, што і мае́ мазгі ўжо не ў парадку…

Юзя. Ну… а я? Што-ж са мной будзе?

Казюк. Юзя!.. Калі людзі тонуць, ня думаюць аб другіх, нават адзін аднаго топіць, каб толькі выратаваць сябе́… А вось чытаў я калісь апісаньне пажару ў якімсь вялікім тэатры… Людзі — прыяцелі, нават муж жонку, нават каханак каханку, — адзін аднаго дратавалі, сьпіхалі ў вагонь, каб толькі выратаваць сябе… Страх забівае ў людзёх усё… Мы тут ляцім у якуюсь чорную пропасьць бяз дна… Страх!.. Страх!.. — Я жыць хачу!!. інстынкт жыцьця загадывае мне́ хапацца за кожны выступ, за кожную гнілую дошку, каб ратавацца, каб хоць на момант затрымацца над сваёй загубай…

Юзя. Інстынкт жыцьця!.. Хэ, — а ў мяне́-ж яго няма?.. І я-ж так сама хачу жыць!..

Казюк. Ты-ж знайшла сваю дошку ратунку, ты за яе́ ўхапілася…

Юзя. Ах!.. ты аб гэтым!.. Але даўжэй ужо не магу… Дый хворая…

Казюк. Што-ж рабіць?