Старонка:Стражнік (1915).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рэдка хто хадзіў туды. Ды яно й праўда: што-ж ты будзеш рабіць дома сьвятам? У цэркву йці — далёка, вярсты чатыры; дома сядзець зноў нудна — апрыч Сарабасі німа куды і пайці. Ўсё-ж такі там пагаворыш, а то дык і навіну якую пачуеш, паслухаеш, што людзі гаворуць, ды й сам прыкінеш слова, другое.

Самым першым прыходзіў да Сарабасі Амільян Касапузенка, за ім Васіль Апранік, а там другіе, і не было таей нядзелі і сьвята, каб у Сарабасі не было зборышча.

Гэтак сама й цяпер. Зімняе сонейка даўно ўжо зайшло і над вёскай падняўся круглы месяц, а ў вокнах заблішчэлі агні. Хлопцы і дзеўчаты, як водзіцца, пачалі варажыць, зрабілі казу, мядзьведзя; бабы — каторые пашлі да суседак, а каторые дома пааставаліся, а мужчыны пасунуліся да Сарабасі.

Амільян Касапузенка, перакуліўшы дома дзьве чаркі і пасварыўшыся с сваей Альжбетай, даўно ўжо сядзеў у Сарабасі і разам з Васілём працавалі над пляшкай гарэлкі. Трохі пачакаўшы, пачалі зьбірацца і другіе, і гадзіны цераз дзьве ў Сарабасі была поўна хата. Хто прышоў паперадзі, той сядзеў за сталом, на лаве, на зэдліку; другіе — дзе папала, а хто спозніцца, дык той або на зямлі садзіцца, або комін падапрэ, а то дык таўчэцца с кутка ў куток.

— «Сарабася!», — крычыць Амільян, — «давай яшчэ пляшку гарэлкі. Гуляй, Амільян, бо другіх Каляд ня будзе цэлы год!»

Сарабася ўжо аткаркавала другую пляшку, але якраз у гэту часіну ў хату прыляцела Альжбета, Амільянава жонка.