Старонка:Стражнік (1915).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Добра вось, што хоць дагадаліся жыта ўзяць, а то што? — ён прыедзе з грашыма, а ты…»

Амільян папрасіў, каб яны нікому не гаварылі, што ён узяў жыта, і паехаў да дому.

Толькі што ён пад’ехаў к свайму гумну, як пачуў, што ў яго на дварэ нейкі гоман, крык, бразгушкі звонюць. «Прыехаў», падумаў Амільян і, не распрагаючы каня, пайшоў скарэй на двор. На дварэ стаялі чатыры хурманкі с поўнымі вазамі. На вазох былі наверняны сталы, ложкі, шафы, крэслы. Чутно было, як у хаці пішчалі дзеці і нехта гаварыў на панскі лад. Амільян адразу пазнаў голас Міхалкі і пайшоў у хату.

— «Ну вось, брат, прыехалі», — сустрэў Міхалка: «как хочаш, а прынімай гасьцей А ты гдзе так позна быў? Вот эта мая жана, а эта трое дзяцей. У цябе тожа, кажісь, трое, алі большэ?»

Амільян ня ведаў, што яму казаць, Альжбета зноў прытулілася ў запяку і маўчала, а ў яе з-за плеч, як дзікіе зьвяркі, пазіралі трое дзяцей. Ўсё гэта так раптоўна, так неспадзевана зацікавіла іх, што яны не маглі і апомніцца.

Не пасьпеў Амільян добра разглядзець брата, як той шмыгнуў на двор і пачаў камандаваць, каб зьнімалі яго манаткі. Міхалкава жонка, Волька, тым часам, разьвязала хустку, скінула кажух, і с таўстой бабы абярнулася ў гэтакую тоненькую і шчупленькую, што Амільян аж вочы вытрашчыў.

— «Здрастуйце», — працягнула яна і падала Амільяну руку, а з Альжбетай пацалавалася. «Ах, как у вас тут цесна і гразна», —