Старонка:Стражнік (1915).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На трэці дзень вечэрам Амільян пайшоў да Сарабасі. Там была паўнюсінька хата.

— «А тут ужо гаварылі, што Касапузы памёр», сустрэў яго Васіль Апранік. «Плюнь, суседзе, на ўсё — жыві пакуль жывеш».

— «А мне чаго ўміраць?» — атказаў Амільян: «вось табе дык даўно ўжо трэба-б было паслаць павестку, а ў мяне йшчэ дзеці малые».

— «На дзеці скора дзяцька прыедзе», — кальнуў Амільяна сусед Мікалай, каторы даўно быў злосны на яго; і ён пачаў сьмеяцца, пазіраючы то на таго, то на другога, думаючы, што ён сказаў натта сьмешна.

— «А табе чаго тутака трэба?» — адразу асек Мікалая стараста: «Ляпне, ўсёроўна, як с куста. Калі ня ведаеш, што сказаць, Дык лепей маўчаў-бы», — і стараста плюнуў і пайшоў на двор. Усе зарагаталі; Мікалай зачырванеўся і засаромяўся, быццам яму паганым дзеркачом у зубы ткнулі, і адразу змоўк, толькі адны вочы блішчэлі с кутка, ўсёроўна, як у галоднага воўка.

— Бачучы, што німа чаго рабіць у Сарабасі, Амільян завярнуўся і пайшоў да дому, бо яму неяк брыдка было, што Мікалай прытыкае яму братам.

— «Ведаеш што, Амільян», — пачала Альжбета да яго, як яны селі вячэраць: «трэба будзе нам узяць трохі жыта ды завесьці да майго бацькі. Падумай ты сам, што-ж мы будзем рабіць, як падзелімся. У Міхалкі ёсьць грошы, ён сабе купіць, а што мы зробім з гэтай драбнатой. Ты нядужы, я зноў нікуды ня