Старонка:Стражнік (1915).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэта тое, што ў Амільяна была дачка Манька, як кажуць, «кроў з малаком», а другое, што й сам Амільян любіў шчабетаньне вясковай моладзі. Бывала, як толькі якое сьвята, ці нядзеля, дык так і знай, што ў Амільяна ў хаці сьмех, гоман, песьні, і ўсюды пачуеш: «Пойдзем к Амільяну», «пойдзем да Касапузаго».

Але гэтымі Калядамі было ня тое. У вёсцы Лапцэвічах, куды, як кажуць, і варона косьці не заносіць, пайшла чутка, што к Новаму году да Амільяна прыедзе яго брат Міхалка, што служыў недзе стражнікам. Моладзь не так ужо зьбіралася да Амільяна, ды й самы Амільян і Альжбета былі самі не свае.

Якраз на другі дзень Каляд стараста хадзіў у воласьць і прынёс Амільяну пісьмо, але як ён быў неграматны, то стараста яму яго й прачытаў. Пісьмо было ад Міхалкі. Ён пісаў, што ўжо выехаў і к Новаму году думае прыехаць да дому і прасіў, каб яны вымылі хату, бо ён прывык жыць у чыстаце.

— «Вот бачыш», — казала Альжбета: — «шчэ да дому не прыехаў, а ўжо камандуе, каб тутака яму і чыста і хораша, а што-ж будзе, як пажыве тутака, ды ўбачыць, як мы жывём?»

Васіль і сам ведаў, што жыць у двух з Міхалкам ён ня будзе, але ён разважаў сябе і жонку.

— «Дармо, маці, не бядуй; ты чула, што Сарабася казала, што так будзем жыць, аж толькі людзі завідываць будуць».

— «Хіба, скажы, сьмеяцца будуць людзі», — атказала Альжбета.