Старонка:Спатканьні (1925).pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДЗЕСЬ-ТА ЧУТНЫ…

Дзесь-та чутны напевы шакалаў,
Ды клякочуць арлы ў гарах,
Я ня трачу свой розмах удалы,
Не палохае чужынца страх.

Я прыехаў сюды за красою,
Ў гэты край я прыехаў здалёк.
І гудзе маё сэрца асою
Там, дзе дрэмле ў цішы матылёк.

Рэжуць вочы гарыстыя далі —
Незнаёмы чужынцу яны.
Я падраў не адны тут сандалі,
Як таптаў мурагоў дываны.

Абабіў я нямала тут сьцежак,
Калі кветкі я шчасьця шукаў,
Абышоў ўсе даліны і межы,
А ня бачыў свайго васілька,

Васілёчка таго, што скрозь жыта
Беларускай глядзіцца красой
Там, дзе жнеі пагляд варажбітны
Засьцілаецца русай касой,

Не магу я зрадніцца з красою,
За якою прыехаў здалёк.
І гудзе маё сэрца асою
Там, дзе дрэмле ў цішы матылёк.

Кіславодзк.
1925.