рышы коопэратары. Нам ня гэта патрэбна. Прымеце, узгадніўшы з профсаюзамі, канчатковыя нормы і з сёнешняга дня выдавайце хлеб па кніжках. Завязіце хлеб на заводы ў буфеты, каб рабочыя ня ішоў у чаргу. Павялічце колькасьць крам хлебных, менш чаргі ў вас будзе тады. А на заводах трэба сёньня-ж пасьля працы правесьці кароценькія сходы, каб інформаваць рабочых пра становішча з хлебам. Праз дзьве гадзіны агітпроп вылучыць патрэбных для гэтага людзей… Вось і ўсё… Ну, профсаюзам, наогул па-мойму трэба больш сыстэматычна працаваць на прадпрыемствах над усімі пытаньнямі гэткага парадку… Так… усё…
«Старык» узьняўся з-за стала і з табліцаю выйшаў з габінэту. Калі вярнуўся назад, яшчэ праказаў да коопэратара:
— Неадкладна-ж зрабеце, каб былі зьняты з друкаваньня хлебныя карткі і займецеся хлебным пытаньнем… бяз панікі…
VI
Пасварыліся.
Жонка загаласіла, узяўшыся за голаў і пашла ў камору. Адтуль яшчэ нейкі час даносіліся яе незразумелыя словы. Словы зьнікалі ва ўсхліпах, потым слоў ня стала чуваць, а даляталі ў хату толькі кароткія, адрывістыя ўсхліпы.
Пётра сам сядзеў ля стала і далонямі рук моцна сьціскаў скроні, думаў пра сваё цяжкое, няўдалае, як ён казаў, жыцьцё. Сіліўся прадумаць тое, з-за чаго толькі што адбылася ў яго сварка з жонкаю і ніяк ня мог знайсьці патрэбных думак. А калі лавіў іх у агульным струмені дум, дык ніяк ня мог знайсьці канца іхняга. На лаве, непадалёк ад дзьвярэй, абапёршыся на падваконьнік, сядзеў Пётраў сын і пазіраў, ня кратаючыся з месца погляду, кудысь у двор. На печы, павярнуўшыся тварам да сьцяны, ляжаў і мармытаў нешта неразборлівае і вохкаў Пётраў бацька.
У печы зырка палаюць сухія дровы, трашчаць на агні. Закіпела ў печы і бяжыць з чыгуна на гарачую чарэнь вада. На чарэні сіпіць. Петра разумее, што трэба ўзьняцца, узяць вілкі і вынуць з печы чыгун з вадою, але, ня можа ўзьняцца, бо ня можа адхінуць далоняй ад скроняй. Разумее і сын, што трэба зрабіць, каб ня сіпела ў печы вада, але таксама сядзіць, ня кратаючыся з месца, і пазірае ў вакно.