Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Але раптам з каморы данесьліся частыя, няроўныя ўсхліпы, а за гэтым хутка жонка зноў загаласіла, вымаўляючы неразборлівыя словы расьцягнута і крыкліва, наўмысьля, каб чуў іх Пётра і каб чулі іх другія з хаты. Тады раптам сарваўся з лаўкі сын і вышаў з хаты, не прычыніўшы добра дзьвярэй. Словы жанчыны сталі мацнейшымі і больш выразнымі. Павярнуўшыся на печы, бацька, узьняўся і сеў, спусьціўшы на запечак ногі і мацней застагнаў сагнуўшыся, нешта сам сабе замармытаў, перасыпаючы словы гаворкі вохканьнем.

У печы з чыгуна ўсё гэтак-жа бегла вада і сіпела на гарачай чарэні. Пётра схапіўся з лаўкі, зірнуў у акно, дастаў з-пад лаўкі мяшок і пашоў з хаты. За дзывярыма хаты ў сенцах у яго зьявілася жаданьне падысьці да каморы, дзе была жонка і сказаць ёй ласкава: дурная, ня плач, у печы вунь выгарала, ідзі ў хату, а я мукі пайду пазычу. Але не зрабіў гэтага, а толькі спыніўся на паўхвіліны за хатнімі дзьвярыма, прыслухаўся да ўсхліпаў жонкі, да яе слоў, што выплывалі з усхліпаў і пашоў з сянец і праз сядзібу ў вуліцу вёскі.

На дварэ Пётра спыніўся, зноў хацеў убачыць сына, але сына ня ўбачыў. Погляд ягоны, шукаючы сына, спыніўся на раскрытым, з гнілымі сьценамі, хлеве, на паламаныя і бяз шын каткох у калёсах, на раскіданым плоце. Зрабілася крыўдна на самога сябе, што пасварыўся з жонкаю, хоць яна і ня ў чым ня была вінаватай.

Па абодва бакі даўгой і грузкай вуліцы стаяць старыя, даўнія платы. Пад платамі вырасла густая і высокая крапіва, а за імі шыракалісты зялёны блёкат. Кусты блёкату падышлі аж пад самыя ганкі ля малых падсьлепаватых хат. Хаты крыты саломаю, або дранкай сасновай і на дахах старых ад поўначы парос густы буры мох. А побач з хатамі стаяць калекамі яшчэ старэйшыя, з гнілымі, нахіленымі на двор шуламі, хлявы. Дзе-ні-дзе толькі крыху навей будынкі, ды ў канцы вёскі, пад высокімі ліпамі вялікі і моцны яшчэ бацюшкаў дом. За гэтым домам, крыху ўбок ад вёскі, царква. А далей у полі хутары. Хутароў небагата. Пётра, як мінуў вуліцу, пашоў нацянькі праз узгорак на хутар да Мышкіна. Ішоў сьпяшаючыся, нібы баяўся, што спозьніцца і тады не засьцігне дома самога Мышкіна і не пазычыць мукі.

Мышкін, зусім не стары яшчэ чалавек, падграбаў каля хлева гной. Ён, ня спыняючы работы, адказаў на Пётрава прывітаньне,