— Нешта хлеба ў крамах не хапіла, — спакойна сказала яна, — не даюць колькі хочаш, а ўсяго па кулідачцы. Каля крам зрабілася вялікая чарга, кажуць, — ня будзе хлеба…
Клім скончыў шыць, завязаў вузялок і паднёс рукаў да роту, адкусіў нітку зубамі. Пасьля гэтага спакойна, як і жонка, азваўся на жончыны словы:
— А дзе хлеб дзенецца? Мала што казаць будуць… Хлеба хопіць…
Спакойны Клімаў голас нэрваваў жонку. Яна ўзлавалася і, ужо згубіўшы спакой, загаварыла сварліва, задзіраста.
— Па табе ўсё хопіць! Па вашаму ўсё будзе, толькі нешта ніякай хваробы нідзе няма! За гэтымі няшчаснымі кіло хлеба я тры гадзіны ў чарзе прастаяла, пад дажджом мокла!..
— А хто цябе трымаў там? Магла-б у другі увечары...
— Магла-б у другі раз узяць, увечары…
— Магла-б? А можа-б і не магла? Па вашаму ўсё можна! Як-жа! Рабочыя, свая ўлада, дзе-ж там на яе крыўдзіцца, што-ж там супроць яе казаць. Гэта-ж каб пахваліць, дык вы майстры, на гэта ў вас языкі нагостраныя, умееце людзям зубы загаварваць. Як выйдзе гэна, дык будзе ў яго і тое, будзе і гэта, мы вам і тое, мы вам і гэта, падстаўляй прыгаршы ды бяры, так і сыпле дабром з языка і ўсё ў яго сытыя і абутыя…
— А хто-ж гэна босы, ці ня ты?
— Дык твае-ж мо нашу!
— Але-ж ня босая.
— А ты хацеў бы, каб я мо шчэ голым пузам па вуліцы трэсла?
— Дык чаго ты крычыш?
— Таго, што ты маўчыш! У цябе-ж цяляты язык аджавалі, вы-ж ня ўмееце пра непарадкі гаварыць! Хіба можа, вось як і хлеба ня стане, ды ня будзе чаго жерці, дык тады мо’ хваліцца перастанеце, мо’ тады хоць…
Жонка села на ложак і змоўкла. Клім апрануў кашулю, узьняўся з-за стала і апрануў падзеўку.
— Куды гэта ты?
— На сход пайду.
— Вечна ў вас сходы. Усё гаворыце, а карысьці нешта мала з таго…