Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Клім да дому прышоў роўна а палове шостай. Жонкі дома ня было. Пасярод хаты, на памосьце сядзеў самы меншы Клімаў сын і да карабка ад запалак прывязваў ніткаю шпулькі ад нітак. Клім распрануўся, падышоў да сына і, сагнуўшыся, узяў яго за падбародак рукой. Сын узьняў галаву ўгару і, прыбраўшы каробкі да сябе ў прыпол, сказаў:

— Асьцярожна, а то паломіш аптабус.

— А ты што такое робіш?

— Аптабус раблю. Гэта будуць каткі. — Ён паказаў на шпулькі і за гэтым запытаў, пазіраючы бацьку ў твар: — А чаму ты, тата, ня купіш мне аптабуса ў капэраціве?

— Ня бачыў я ў капэратыве аўтобуса. Як убачу, куплю.

Клім адышоў ад сына і сеў на зэдліку каля акна. На дварэ ідзе дождж. Вада з даху бяжыць па вадасьцёчнай трубе і цурком льлецца на асфальтавы тротуар, раздрабляецца падаючы на цьвёрды асфальт і пырскае на шыбы акна. За акном паставіла пад дождж парожняе вядро суседка. Цяжкія каплі падаюць з даху ў парожняе вядро і звоняць, разьбіваючыся аб вядзёрнае дно. Звон гэны, з тым, як нацякае ў вядро вада, глухне патроху, разбаўляецца вадой. Клім ня бачыць вядра, але выразна чуе, як падаюць у вядро каплі і ўслухоўваецца, сочыць за тым, як зьмяняюцца гукі за кожнай новаю капляй вады. Вочы ляніва пазіраюць за акно на тротуар.

За акном, сьпяшаючыся, пратупалі цяжкія мужчынскія боты. Клім зьмеціў толькі ў ботах скрыўленыя заднікі і пазнаў жонку. Загэтым успомніў, што на рабоце, як нёс дошку, зачапіўся рукавом за цьвік і прадраў на рукаве дзірку. Дзірку трэба было зашыць.

Жонка ўвайшла ў хату, калі Клім сьцягваў з рукавоў кашулю. Яна паставіла на лаўку кошык, распранулася ў парозе і, трымаючы паліто за каўнер, некалькі разоў страсанула яго. З паліто на памост паляцелі пырскі вады. Пасьля павесіла паліто ў камешніку каля печы.

лім паклаў на стале кашулю і паціху павёў па сьцяне ля акна шырокай далоньню. Далонь намацала ўторкнутую ў абоі голку. Клім выняў голку і ня ўмеючы, абеімі рукамі, завязаў на канцы ніткі вузельчык.

Жонка выняла з кошыка некалькі цыбулін, качан капусты і невялікую кулідку хлеба. Хлеб яна патрымала на руцэ, паважыла і тады падышла і паклала на стол.