— Гарпіна ў колгасе ў нас спэктаклі даваць будзе.
— Мы працаваць, а яна, каб весялей было, будзе скакаць, ды сьпяваць.
І прасілі Гарпіну прасьпяваць яшчэ. Гарпіна казала пачакаць, пакуль падоіць карову, а падаіўшы зноў гэтак жа скачучы ішла да наступнай каровы і пела:
Дзеўкі ў рогат, дзеўкі ў сьмех: ня хочам сьпяваці. |
Як скончылі даіць і вынесьлі апошняе малако на дошкі, што ляжалі каля пуні, жанчыны ўсе скучыліся наўкол вёдзер і малаком і загаманілі, закрычалі, перабіваючы адна адну. Адна крычала, што ня ўсіх кароў падаілі, што гэта па малаку відаць, што калі-б падаіць усіх добра, дык заліцца-б малаком можна. За ёй другія крычалі, што дойніцам усёроўна падоена карова, ці не, што яны сваіх толькі добра дояць.
А ля дошчак Гарпіна меднаю конаўкай чэрпала малако з вёдзер і пералівала яго ў даёнкі і гладышы. Атрымаўшы малако, некаторыя жанчыны ішлі дадому. Некаторыя-ж зноў лезьлі ў натоўп і пакрыўджаныя, што не яны, а Гарпіна раздае малако, пачыналі крычаць, што хто прывёў тры штукі, а хто ніводнае, што няма праўды, бо той, хто ня прывёў ніводнае і есьць і п’е больш за таго, хто прывёў трох кароў. Другія пачыналі ў адказ першым з яшчэ большай злосьцю, крычаць, што мінулася багатым іхнае і што прышла бедняцкая пара. Яшчэ нехта крычаў, што хтосьці ноччу доіць кароў і есьць і масла і малачко, што хтосьці пакрадзе з засекаў абагуленае насеньне і тады ня будзе чым сеяць вясною поле.
Крыкі гэныя і гоман сьціхлі тады, як зьмерклася і дойніцы панесьлі ў агульную клець малако, што засталося пасьля раздачы. За імі пашлі ў вуліцу ўсе і разгубіліся ў ёй па дварох.
А калі сьцямнела і ў хатах пачалі гасіць агні, з-пад плоту, што каля пуні, узьняліся дзьве жаночыя постаці. Яны хуценька перакінуліся цераз плот і стаіліся каля густога рабінавага куста.
Наўкола было ціха. Лёгкі вецер прылятаў з-за загуменьняў, гнаў перад сабою дробныя сухія сьняжынкі, застраваў у азяродзе і паціху жаласна сьвістаў.