Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тады, з другога боку, з-за стогу саломы выйшлі яшэ дзьве постаці. Яны спыніліся, пастаялі хвіліну і падышлі да сьцяны пуні, а там зьніклі, нельга было адрозьніць іх ад чорных сьцен пуні.

Доўга стаялі так тыя, што прышлі раней, слухалі, ці ня рыпнуць вароты ў пуню і нарыхтаваліся, каб тады пабегчы да пуні з палкамі і біць тых, што будуць лезьці ў пуню. Але нішто не парушала спакою ночы. Усё гэтак-жа прылятаў з-за загуменьняў лёгкі вецер і гэтак-жа жаласна сьвістаў, застраючы ў рашэцінах азяроду. Было позна. У дварох засьпявалі першыя пеўні. Тады з-пад сьцяны вышлі чорныя, у цёмры ночы, постаці і зьніклі за стогам, пайшлі ў вуліцу. А ўсьлед за імі, сьпяшаючыся, каб крыху нагрэцца пашлі дадому і тыя, што стаялі пад рабінавым кустом.


Да вялікадня заставалася ўсяго чатыры дні.

Апошнюю ноч Клемс ніяк ня мог заснуць. Ён успамінаў сход, калі ледзь не перахрысьціўся перад тым, як падпісаць протакол і нешта вырашаў. А раніцою зьняў абразы з кута і паклаў іх у печ. Калі жоўтыя языкі полымя забеглі па наалейных фарбах портрэтаў божай мацяры і Ільлі прарока і папера портрэтаў на полымі зморшчылася і скрывіла твары сьвятых, ён узяў чапялу і крыху ўзьняў іх над полымем, каб хутчэй згарэлі. Папера згарэла хутка. Застаўся чорны, нераскіданы попел і палаючыя сухія рамы. Тады ён закінуў рамы чапялой за дровы, каб гарэлі не на ваччу, пацёр чапялой попел, што застаўся ад паперы і, усунуўшы ў печ галаву, дунуў на яго. Чорныя кавалкі згарэўшай паперы ўзьняліся, рассыпаліся на палаючых дровах і ў полымі зусім зьніклі.

— Раз у колгасе, дык якія тут абразы. Аднаго чаго трэба трымацца, — праказаў ён ціха, нібы сам сабе.

Жонка моўчкі таўкла ў ступе семя. Пасьля пачала замешваць сьвіньням цеста і злосна браскала чыгунамі і конаўкай аб вядро.

Пасьля сьнеданьня Клемсіха з унукам пайшла у ток набраць мякіны. Унук Сёмка, дзесяцігадовы бялявы хлапец, стоячы на каленках, напіхаў у мех мякіну і рукой уціскаў яе. Час-часам ён узьнімаў да твару руку і запыленым рукавом сьвіткі падціраў нос. Клемсіха тым часам насыпала свой мех і сачыла за ўнукам.

— Замурзаўся ты ўвесь. Ня тры носу рукавом — балець будзе.