Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прасачыць, як будуць даіцца каровы, ці не адліе малака куды-небудзь тайком дойніца. І па гэтай прычыне ў гэты вечар у Клемса з жонкай зноў адбылася сварка. Зьмеціўшы, што пашла з даёнкай па вуліцы суседка, яна кінула нявыпаленую печ, адсунула ад вугальля ў бок чыгуны, і, схапіўшы кажух, пачала шукаць, што-б такое ўзяць з сабою.

— Куды гэта ты? — запытаў Клемс.

— Мо-ж малако любіш жэрці, а карову аддаў, дык трэба-ж бегчы!..

— ’Шчэ-ж не падаілі мо’?

— Чакай пакуль падояць, дык усё пакрадуць!

— Хто гэта будзе красьці, што ты чаўпеш?

— Самі-ж вы насадзілі такіх і ня ведацьмеш дзе дзенецца! Гарпіну знайшлі старшай пасадзіць…

— А чаму не?

— Тады будзеш ведаць чаму. Яна ялаўку ў пуню прывяла, а крычыць нібы трох дойных.

— Дык ці яна іх зьесьць? Няхай крычыць.

— Дык-жа ты, вось такі, скулу тады зьясі!

— У-у-у, каб цябе, цыбуля ты няшчасная!.. чаўпе і чаўпе бяз конца і што ёй ужо трэба?.. скажу, ужо каб цябе, хіба старшай прызначылі.

Апошніх ягоных слоў жонка ўжо ня чула. Яна выцягла з-пад лаўкі гладыш і ня вышла, выбягла з хаты.

Каля пуні, дзе даілі кароў, стаяў вялізны натоўп жанчын і некалькі мужчын. Мчогія з іх стаялі ў пуні, сачылі за работай дойніц.

Гарпіна, падаіўшы карову, выходзіла з загарадзі і, трымаючы ў руцэ вядро, паварочвалася ў бакі, прыстуквала чаравікамі аб умёрзлую утаптаную зямлю і прыпявала:

У садочку галубочкі, на гольляйку селі,
Плача хлопец, дзевак прося, каб вясельле сьпелі…

І паважна перакруціўшыся на месцы, яна яшчэ раз сьпявала тыя-ж словы і, сагнуўшыся, лезла пад жэрдку ў загарадзь да другой каровы.

Мужчыны рагаталі, жартавалі.