Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Усе хаваюць! Ніхто ўсяго не аддасць, няма дурняў такіх!

Галіна стаяла на месцы. Муж узяў мяшок і сілячыся адзін усьцёг яго на кулі, а там прыкідаў сенам і заклаў зьверху кулямі. Галіна палезла на сена набраць мурагу. Як скідала сена, ўбачыў муж яе аголеныя, вышэй за панчохі ногі і чамусьці ўспомніў яе гутаркі з Панасам на сходах. Зьлез з кулёў на сена, падышоў да яе. Яна чырвоная, ад таго, што разагрэлася, маладая і здаровая будзіла кроў. Муж узяў яе за плечы, абняў і пачаў калючай сваей шчакой вадзіць па яе твары, шукаў губ, каб пацалаваць. Галіна спачатку зьдзівілася, пасьля сустрэлася з яго поглядам, поўным палкасьці і, спалохаўшыся, лёгка адпіхнула яго. Ён зьдзівіўся.

— Ты чаго піхаешся?

— А чаго-ж ты лезеш? Ці ночы мала яшчэ?

Тады ён схапіў яе зноў і, сьціскаючы ў абдымку, пачаў ціснуць да сябе і згінаць яе цела, каб паваліць на сена. Галіна цяпер ужо са злосьцю моцна штурханула яго і вырвалася.

— Адыдзі! Чаго ты?..

Саскочыла з сена на ток, пачала падбіраць у посьцілку скінутае на ток сена.

Муж усхваляваны і злосны, стаяў на сене.

— Ведаю чаго ты так, — праказаў ён. — Комісарскага ці не паспрабавала?

Брудныя і злосныя мужавы словы пакрыўдзілі. Галіна ўзьняла галаву, зірнула на яго і злосна, з крыўдаю ў словах запытала:

— Ты што-ж гэта выдумаў?

Муж адвярнуў вочы ўбок і, злазячы з сена, адказаў:

— А на сходах як ты з ім? Думаеш не разумею? Як улаўлю — прыб’ю, нагой у хату ня ступіш тады!

Нічога не адказаўшы, Галіна ўзяла сена і пашла з току.


Даеньне кароў было даручана спэцыяльна вылучаным для гэтага васьмі жанчынам. Адна з іх, самая старэйшая узростам, Гарпіна, была вызначана адказнай за даеньне і разьмеркаваньне малака. Але калі падвячоркам у першы раз пашлі восем дойніц у пуні, дзе стаялі каровы, за імі адразу-ж пашлі сьпяшаючыся з гладышамі і даёнкамі жанчыны. Яны прышлі атрымаць малако і