Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чапіў рукой у мякіне за цуглі аброцьці. Цуглі заляскалі. Баючыся, каб не зайшоў Клемс у клець, гаспадар адышоў да дзьвярэй.

— Трэба карове паранкі ў апошні раз зрабіць, — сказаў ён, — дык я мякіну бяру… павядзем, значыць, коняй, а?

— Калі ўхвалілі на сходзе, дык трэба весьці, а як-жа.

— А што яно будзе з гэтага?

— Тое будзе, што рабіць будзем самі!.. — злосна адказаў Клемс. У яго болей ня было жаданьня гутарыць з суседам, яно зьнікла.

І, пастаяўшы крыху моўчкі каля клеці, ён завярнуўся і пашоў зноў у вуліцу. Сусед-жа пашоў ад клеці, нібы за чым патрэбным у сенцы, а праз паўхвіліны зноў вярнуўся ў клець.


Раніцою Галіна з мужам пашла ў ток. Трэба было ссыпаць у мяшкі зьвеяны ўчора авёс і набраць авечкам мурагу. Калі насыпалі ў мяшок пудоў пяць аўсу, муж пацягнуў мяшок па таку да тарпы кулёў. Пасьля адкінуў некалькі кулёў у бок і паказаў Галіне, каб яна дапамагла пакласьці мяшок паміж кулёў і сена. Галіна не зразумела, для чаго ён хоча гэта рабіць і ня краталася з месца. Тады муж растлумачыў:

— Гэта на ўсялякі выпадак, — сказаў ён, — мала што можа быць. Ссыплем, а гэта ўсё не на доўга, дык тады дзе возьмеш? А што ссыплеш, таго ўжо ня возьмеш, дудкі…

— Што ты гэта кажаш?

— Тое, што ведаю. Абы туды, а тады толькі яго і бачылі!

— А дзе яно дзенецца?

— Знойдуцца гаспадары. Вунь голад скрозь, а ніхто не прадае, дык яны так хочуць узяць.

— Хто табе нагаварыў такога. Панас-бы ўжо не маніў, ён справядліва гаворыць.

— А ты, як бачу я, нешта вельмі-ж верыш яму!

— Як і іншым. Што ён мне? — Галіна пачырванела, — але гэта мана. Навошта тады было пісацца, калі так рабіць?

— А што-жа рабіць? Не запішашся, дык нічога ў копэрацыі не дадуць і ўсёроўна адбяруць ўсё.

— Плявузгаюць чорт ведае што… Калі папісаліся, дык няма чаго хаваць!