сваім пахам, цяплынёй і пахам малака. Ад гэтага зрабілася яшчэ больш крыўдна, што ня пытаючы яе забяруць кароў з хлева, што ня будзе яна сама больш даіць іх, што хтосьці чужы будзе даваць ёй малако ад яе ўласнай каровы. Яна падышла да старое каровы, пагладзіла дрыглівай рукой яе пысу і, ня стрымаўшыся, абхапіла рукамі карову за шыю. Карова пастаяла хвіліну ня кратаючыся з месца, пасьля павярнула ўбок да гаспадыні голаў, абнюхала кажух, руку яе і пачала лізаць руку. Ад рукі, ад месца, якое лізнула карова, з нястрымнай балючасьцю пацякла па ўсім целе крыўда і Клемсіха заплакала ужо голасна наўзрыд.
Каля акна Клемс хутка зьмерз і прачнуўся. Захацелася выйсьці на двор. У сенцах зьдзівіўся, што не запёрты дзьверы. А за дзьвярыма адразу і зьдзівіўся і спалохаўся. У хлеве нібы нехта гутарыў. Ён прыслухаўся ўважлівей і дагадаўся, што ў хлеве плача жонка. Спрытна падышоў і расчыніў вароты. Плач адразу сьціх. З хлева насустрач яму пашла жонка. Яна ня спынілася ў варотах, не адказала на яго запытаньне, — „чаго гэта яна тут ноччу раве“, — пашла назад у хату. Калі Клемс замкнуў вароты хлева і вярнуўся ў хату, жонка ўжо зноў ляжала на печы. Ён не распранаючы, як гэта рабіў кожны раз, калі на каго-небудзь злаваў, лёг спаць.
Раніцой, як толькі разьвіднела і пачала жонка хадзіць каля печы, Клемс вышаў на вуліцу. Захацелася спаткацца з кім-небудзь з суседзяў і пагутарыць, каб прайшоў сум.
Паціху ішоў ён вуліцай, зазіраў у суседнія двары, а туга ад таго, што плача і сварыцца жонка, трывожыла сэрца, не давала спакою. У суседа ўбачыў расчыненыя дзьверы ў клеці. Спыніўся каля брамы суседавай і, пастаяўшы крыху, пашоў у двор. На дварэ стоячы каля дзьвярэй клеці, пазіраў у сярэдзіну, ці ёсьць хто там. І ўбачыў: у клеці, каля засеку, у які насыпана мякіна, стаяў гаспадар. Ён сагнуўся над засекам і рукамі разгроб у мякіне яму. Пасьля ўзяў новы хамут, што стаяў ля ягоных ног і асьцярожна паклаў у засек. За хамутом зьняў з коліка сырыцавую аброць. Клемс сказаў дзень добры. Спалоханы нечаканым чалавечым голасам, гаспадар узрыгануў, хуценька ўсунуў аброць у засек і, сьпяшаючыся, баючыся, што Клемс прыдзе і ўбачыць, што ён робіць, пачаў награбаць на хамут і аброць мякіну. Нэрвуючыся за-