Перайсці да зместу

Старонка:Спалох на загонах (1932).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шчаку і вочы рукою. Суняла кола самапрадкі, узьнялася з услона і паставіла самапрадку ў куце каля ложку, а сама адышла да печы, адсунула ўбок засланку, нібы мерылася дастаць што з печы і знэрваваным голасам сказала:

— Ня дам я каровы весьці! Не твая яна! Ня дам!..

Клемс рад быў, што жонка загаварыла хоць гэтак і ласкава спакойна адказаў ёй:

— А ты ня крычы, дурная, раней толкам разьбярыся, што да чаго. Зьвядуць кароў у кучу, дык табе-ж лепей будзе, а ня горай.

Змоўк, каб падумаць, што сказаць яшчэ. А жонка, сьпяшаючыся, палезла на печ і лягла там, адвярнуўшыся да сьцяны. Клемс больш не гаварыў. Ён моўчкі сядзеў каля стала. Ці то драмаў, ці то думаў што. Дагарэлі на комінку лучыны. У хаце зрабілася цямней, замітусіліся па хаце змрокі. Галавешкі на комінку яшчэ доўга бліскалі малюсенькімі, поўзаючымі сіненькімі агеньчыкамі і няпрыкметна, як слабела сіла агеньчыкаў, абтухалі, апраналіся ў тонкі пласт попелу.

Клемс заснуў. Ён ня чуў, як зьлезла з печы жонка, як яна апранула кажух і вышла з хаты. Ня чуў, як бразнула ў сенцах цяжкая клямка і зарыпелі дзьверы.

На дварэ было сьцюдзена. Высока ўгары за рэдкімі хмарамі плыў на ўсход месяц. Праз хмары прабівалася і слалася па зямлі яго рэдкае сьвятло. За хмарамі іскрыліся халодным і далёкім сьвятлом рэдкія, белаватыя зоры.

Клемсіха стаіць на ганку, назірае на месяц і ціха шавеліць губамі. Ёй здаецца, што прышоў ужо канец жыцьцю яе, што цяпер яна старая і закінутая ўсімі, пазбаўленая сваёй гаспадаркі, вымушана будзе пайсьці па людзях прасіць дзеля хрыста і яшчэ ёй здаецца, што ніхто не паспачувае ёй, не пашкадуе яе за тое, што сама дапусьцілася да таго, каб застацца без свае гаспадаркі. Буйнымі каплямі наплываюць на вочы сьлёзы і паўзуць па шчоках і падаюць на каўнер кажуха. Сэрца шчэміць балючая, вялікая крыўда на людзей, якія прышлі і разбурылі яе жыцьцё.

Яна сышла з ганка і пашла да хлява. Паціху адсунула завалу ў варотах. Паціху расчыніла вароты і ўвайшла ў хлеў. У хлеве цёмна, чуваць толькі, як перажоўваюць ежу каровы, ды ледзь-ледзь прыкметны нявыразныя іхныя постаці. Хлеў дыхнуў на яе