Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 62 —

ЛЕТАМ.

Выйду, сяду каля саду
У зацішнай старане
І дзівіцца буду цуду,
Што цуднее ўкруг мяне.

Як для сьвета грае лета
Песьню сьпеўную быцьця;
Бласлаўленьне небам, хлебам
Шле сам Бог, сама зямля.

Звоніць поле доляй, воляй,
Звоніць поле ў каласкі:
Ў буйным лузе зьяюць, граюць
Кветкі, мошкі, матылькі.

Рэчка ўецца і сьмяецца
Да зялёных лоз і вольх.
А ў вадзіцы шыбка рыбка
Шмыгаціць на паплаўкох.

Лес адвечны бесканечны
Цягне, цягне разгавор;
Між хвой скачуць птушкі-ўюшкі
І пяюць, пяюць наўмор.

А на небе сьлед цярэбе
Сабе сонца залаты,
Сьвеціць, грэе долы, горы,
Ў сэрцы шле агонь сьвяты.

Так для сьвета грае лета
Песьню сьпеўную быцьця…
Чаму-ж мне ў ім стала мала
І пацехі і жыцьця?..

4/VII—13 г.