Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 61 —

Грай, грай, жалеечка! грай, грай, вясёлая!
Выйграй з вясною і долячку мне
З пушчаю, з птушкамі, з вольнымі ветрамі
Грай мне аб шчасьці, грай аб вясьне!

1906 г.

|}


ЗАПЕЛА ВЯСНА СВАЮ ПЕСЬНЮ.

І шумам задумнага лесу,
І шчэбетам птушак шчасьлівых
Запела вясна сваю песьню,
Запела на збуджаных нівах.

Выходзіць сялянін на поле,
Зямлю уздымае сахою…
О колькі тэй веры, надзеі!
О колькі сьвятога спакою!

Вачыма расістымі водзіць
Па скропленым потам надзеле;
За думкаю думка снуецца,
Як нітка за ніткай з кудзелі.

Хоць буры і сьцюжы гулялі,
Хоць мор сабіраў сваё жніва,—
Жыве ён, як жыў тут спрадвеку,
Жыве яго хатка і ніва.

Вось дрэмле курган на узьмежку,
Ігруша шуміць на кургане,—
Расказвае былі былыя,
Мінуўшаму шэпча літаньне.

А жаўранак звоніць над грушай,
Свой кліч селяніну сьвяргоча:
—Сьмялей, беларусе-араты!
Сьмялей уздымай к сонцу вочы!—

16/IV—14 г.