— 57 —
Але ёсьць-жа такі жаль
Нанясе благі лёс,—
Што хацеў-бы заплакаць,
Дый ня выцісьнеш сьлёз.
|}
Вы тут гуляеце, панове,
У сытай, п’янай чарадзе,
А там—што робіцца ў вёсцы,
І ў думку вам не набрыдзе.
Тут у крыві людзкой скупана
Капейка сходзіць задармо,
А там, у вёсцы ў непацешнай,
Расьце, вялічыцца ярмо.
Тут вы прышлі разьбіць аб чаркі
І чэсьць і славу напалам;
Там горы ўзносяць, рыюць ямы,
Каму?—згадаць пара ўжо вам!
|
Узносілі муры,
Каб княжыці ў мурох:
Ад зоркі да зары
Купаліся ў ігрох.
Зьвінела серабро
І золата, і медзь;
На зло і на дабро,
На ўсё—ўсё ўмелі мець.
Ня ў страх ім ноч і гром,
Зямля, сьвет цэлы—рай;
Кані-арлы віхром
Імчалі з краю ў край.
|