Салодкі мёд пілі,
Жыць соладка было,
Забылі адылі,
Што йнакш жыло сяло.
9/XI—18 г.
|}
З ДУМАК ЖАБРАКА.
Я чалавечак жабрачай натуры—
Жыць ня судзілі іначай багі.
З выгляду важан я: косьці ды скура,
Не далічуся рукі і нагі.
Важна іду ад парога к парогу,
Спора акрайцаў у зрэбным мяху;
На чалавечую добру ўспамогу
Мушу я меці надзеі крыху.
У дабрадзеяў, або ў дабрадзеек
Грошы ня сьмею шмат вельмі прасіць.
Дайце мне толечы колькі капеек,
Каб мог сабе я вяроўку купіць.
Рэшту прыладаў сабе сам дастану—
Ў лесе асіну, ці дзе які слуп…
Ціж не пацеха пані і пану
Бачыць, як нейкі ўскалышацца труп?!.
Глянеш, і воку аж робіцца міла!
Жыў вось людзіна і шчасьця дарос.
Братняе сэрцайка штось ды зрабіла,
Хоць і ня так мо’ як баіў Хрыстос.
9/XI—18 г.
ІДЗЕ ВЯСНА.
Ідзе вясна… На белым полі ложыць ці плямы;
Вада цурком цячэ з-пад сьнегу ў долы, ў ямы,
Зьлятаюцца ды дзіка гракаюць вароны…
Ідзе вясна… каб быццам сьвет збудзіці сонны.