Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 28 —

Як трутні, ласыя на соты,
Вы к нам прышлі ў гадзіну бед;
Чуць толькі сталі да работы,
А груганом гатоў абед.

Цямніц і вісельняў асновы,
Слугі нагайкі і штыха,
Сумленьне, край прадаць гатовы
За бліск нагруднага значка.

І з думкай носячысь шалёнай,
Вы! вы! жадаеце з людзей,
Каб вам паверылі мільёны,
Каб вам карысны стогн гудзеў.

Ня вам, ня вам! гасіць паходні,
Што распаліў жывы народ!
І праўда возьме верх нязводне:
Такі ўжо сонца вечны ход.

31/VII—09 г.

|}


ПЕСЬНІ ВАЙНЫ.

Вазьмі, маці, пяску жменю,
Пасей, маці, на каменю.
Як прыжджэшся з пяску ўсходу,
Тады верне сын з паходу.
(З народнай песьні).




I. ВАРОЖБЫ.

На ўзьбярэжжы, над ракою
Шэпчуць вербы з асакою:
—Што-то будзе, што-то будзе?
Штось трывожны сьвет і людзі!

Па зямлі пашлі пажары—
Неба дымяць дыму хмары,
Там і тутака агнішча,
Над агнішчам вецер сьвішча.