Мы ад дзеда аж да ўнука,
Як дзе бачым што ня так,
З вечнай тычымся навукай,—
І гаворым, хоць няўзнак,—
Ці сваёму ці чужому:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»
*
Знаў хлапца, Арцёмам зваўся,
Меў тады семнаццаць год;
Бедзен, нерахман здаваўся,
Кемкі-ж быў, каб яго звод!
А плялі ўсе на Арцёма:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома.»
*
Ад стыдлівасьці ён нейкай
Да карчмы ня знаў дзе сьлед;
За апошнюю капейку
Купіць кніжак ці газэт.
І тут валяць на Арцёма:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома»!
*
Вось сабе дзяўчыну мае,—
Стаў вяселейка спраўляць;
Беднавата «маладая»,
Гаспадыня-ж—пашукаць!
Тут ізноў ўсе на Арцёма:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома?»
*
Стаў жыць з жонкай удваёчку
Працавіта небарак—
На сям‘ю сваю дзень, ночку,
Як мурашка, проста так…
А ўсе валяць на Арцёма:
«Ня ўсе дома, ня ўсе дома!»
|