Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/199

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 197 —

ДРЭМЛЕ ЮРКА.

Ёсьць старонкі, дзе ў народзе
Беды ня гуляюць:
Хлеба годзе, сьвятла годзе,
З волі карыстаюць.
А у нас-жа, што за дзіва?
Бяздольнасьць такая!..
Дрэмле Юрка ў заканурку,
І долі чакае!

*

Пахілілася хаціна,
У хлявочку пуста;
Толькі латы—кажурына,
Хлеба хоць-бы луста.
Кепска жыці, што-ж такое,
Хто аб гэтым дбае?..
Дрэмле Юрка ў заканурку
І долі чакае!

*

Чутны воклік пахаронны,
Крыж стаўляюць новы;
Дзень і ноч у кузьнях-горнах
Ладзяць, клеплюць ковы;
Беспрасьветна, бяспуцінна,
Як магіла тая!.
Дрэмле Юрка ў заканурку
І долі чакае!

*

Дабрадзеяў, як на тое,
Хоць прудзі ты рэкі?
Слаўна, Юрка! Што-ж такое?
Мае шмат апекі.
Хоць яму апека гэта
Косткаю у горле…
Дрэмле Юрка ў заканурку
І чэкае долі.