Гэта старонка не была вычытаная
І прыносіць ён стуль стрэльбу,
Куляй набівае,
Ў рукі ўзяў, і Бандароўну
Голасна, пытае:
— Ну, што воліш сабе выбраць,
Пышная паненка:
Ці ў бяседзе засядаці
Вось пад гэтай сьценкай
І са мною піць, гуляці,
Ночкі каратаці?
Ці навекі косьці парыць
У зямельцы-маці?
VIII.
Затраслося помстай сэрца,
У грудзі дзявочай,
Спахмурнелі чорны бровы,
Заіскрылісь вочы.
Не такую, ясны пане,
Бачыш прад сабою,
Што захоча чэсьць і славу
Прадаваць з табою.
Сваё золата, палацы
Застаўляй сабе ты,
Сам заморскае віно пі
І насі саеты.
Ці, гуляй з сваёй раўнёю,
Покі ваша сіла,—
Бандароўне больш да твару—
Чымся ты—магіла.
Не прадасьць яна дзявоцтва,
Як ты, пан, сумленьня;
Твае ўгрозы ёй нястрашны,
Нястрашна цярпеньне.