Гэта старонка была вычытаная
Перад панам тым з Канева
Сьмела дзеўка стала,
Сьмела гледзячы у вочы,
Сьмела, адказала:
—Дужы ты з сваім багацьцем,
А я сілы большай,—
За мной праўда і народ мой,
За табой-жа—грошы!
Чым з табою піць, гуляці,
Ночкі каратаці,—
Лепш навекі косьці парыць
У зямельцы-маці!
IX.
Тут як стрэліў пан Канеўскі
Ў лева яе вуха,—
Стала наша Бандароўна
І нема і глуха.
Палілася кроў чырвона,
Сэрца абамлела,
Павалілась на зямельку
Як бярозка бела.
Парасплеценыя косы,
Як тыя галінкі,
Леглі пасмамі хваліста,
Тут-жа ля дзяўчынкі.
Толькі з крыўдай аднальковай
Вочы пазіралі,
Як-бы ўсіх пытаць хацелі:
За што пакаралі?
Дый заглянулі, знаць. крэпка,
Ў ворагава сэрца:
Пан Патоцкі ўжо ня рад стаў
Сам сабе і дзеўцы.