Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана
— 152 —

Ці то сьлёзы з крыўды страшнай,
Ці з бясьсільнай злосьці,
Што к чужынцу бяз пытаньня
Прывялі у госьці.

І стаіць яна прад панам,
Як калінка тая,
Што у лузе, над ракою
Вецер пахіляе.

Сабірае у галоўцы
Думанькі дзявочы,
Глядзіць сьмела, ані моргне,
Ворагу у вочы.

VII.

Пасадзіў пан Бандароўну
У куце на лаве,
Як-бы тую маладую
У вясельнай славе.

Застаўляе стол дубовы
Сытаю ядою,
Мёд, віно ў жбанох б’е пенай,
Як-бы мора тое.

Яшчэ мала: пан вяльможны
Клікае музыкаў;
Знаць, заход вялікі робіць
Ён к гульні вялікай.

Не чакае Бандароўна
Тут сабе пацехі,
І ня верыць панскай ласцы
І ў панскія ўсьмехі.

Ручкі белы заламала,
Зьвесіла галоўку,
А тымчасам пан Патоцкі
Вышаў ў бакоўку.