Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 143 —

Быў рад сваёй так доўгай згубе,
Ў нагах з пакораю сядаў,
Як здаўна, песьціў і галубіў,
І словы чулыя складаў.

А толькі бедную Натальку
Жыцьцё з ім цешыць не магло,
Як тую грэшную русалку—
Жывыя людзі і сьвятло.

XIX.

Спазнаўшы панскія раскошы,
Дзіцё сяла і грамады,
Ня мела сіл змагчы ў пустошы
І адзіноцтва і жуды.

Хоць на Машэку спазірала
Прыхільным поглядам падчас,
А ўсё у думках штось кнавала,
Агонь благі ў вачох ня гас.

У думках думала няўпынна,
Як ёй разбойніка згубіць,
Якога не магла нявінна
Ўжо так, як некалі, любіць.

Раз, калі спаў Машэка з ёю,
Зрабіць надумала сваё—
За кроў пралітую крывёю
Яму яго забраць жыцьцё.

Паціху ўстала, нож агромны
Ўзяла ў яго з-пад галавы
І утапіла ў шыі соннай,
Ды той застаўся йшчэ жывы.

Яна другі раз замахнула,
І трэці раз перавяла,—
Яго і жылка ня дрыгнула,—
Душа ад цела адышла.