Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 142 —

Ішоў і ўбачыў, як карэта,
Напроць кацілася якраз;
Машэка рады знайдзе гэтай
І не марнуе дарма час.

Мінута. Ўжо стрымаў ён коні,
Як сноп, зваліўся ўжо фурман,
Ўжо булавой у дзьверцы звоне,
З карэты скочыў к яму пан;

Але ня ўсьпеў і азірнуцца,
Як на зямлі няжыў ляжыць;
Машэка доўбняй замахнуцца
Яшчэ на некага сьпяшыць…

І дзіва дзіў: рука самлела,
Сьлязамі вочы залілісь…
Наталька тут яго сядзела
І так глядзела, як калісь!

XVI.

Як чалавек не азьвярэе
З якіх там колечы прычын,—
Надойдзе час і азарэе
Яго душа хоць міг адзін.

Чуцьцё прабудзіцца людзкое,
Дабро у сэрцы ажыве,
І зацьвітуць красой сьвятою
Дзіцячы думкі ў галаве.

Чуць толькі ўгледзіў у калясцы
Машэка любую сваю,—
Ў яе ўтануў даўнейшай ласцы,
Ёй пакарыўся без баю.

Бы тую пёрынку птушыну,
Ў сваю бярлогу яе нёс.
З лісточкаў мягкую пярыну
Ёй слаў, і сам у радасьць рос.