Перайсці да зместу

Старонка:Спадчына (1922).pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 144 —

XVIII.

Так страшна той разбойнік згінуў,
Што ўмеў любіць і забіваць;
На грэх пусьціўся праз дзяўчыну
І мусіў праз яе сканаць.

Яна сваё зрабіўшы дзела,
Ўжо страхам гнаная нямым,
У вёску родную ляцела
І расказала аб усім.

Прынесла добрыя ўсім весьці,
Што ўжо разбойніка няма;
Яе віталі добрай чэсьцю,
З усімі цешылась сама.

Вяла з сабой сяло народу,
Дзе спаў Машэка вечным сном,
Куды йшчэ ўчора усе ходы
Былі закрытыя людзём.

Зышлася вёска над Машэкай
Нядаўну бачыці гразу,
І ня было там чалавека,
Каб хоць адну пусьціў сьлязу.

Йшлі ад яго к гары вялікай,
Ахвяры дзе яго ляглі,—
Касьцей знаходзілі бяз ліку,
Галоў бяз ліку там знайшлі.

XIX.

Капалі ў пушчы дол глыбокі,
Дно высьцілалі у кару
І насып сыпалі высокі—
Машэку насып, як цару.

А на гары тэй недалёкай
Хавалі косьці у зямлі
Ахвяр, што ад рукі нялёгкай
Бяз часу на той сьвет зышлі.