Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 2.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вялікімі пры іх складамі і сутарэньнямі. Частка гельд належала да вядомага друкара і выдаўцы Лукаша Мамоніча. Потым гэтая частка гельд перайшла да хаўрусу з 10 чалавек. Адна вялікая гельда належала да таксама вядомага віленскага купца С. І. Азярына. Такі гандлёвы рост места выявіўся і ў тым, што тут зьявілася першая ўстанова банкаўскага характару з лёмбардным крэдытам, на што выдадзены быў двом яўрэям у 1551 годзе асобны прывілей.

Як відаць, Вільня была ня толькі гандлёвым, але і буйным прамысловым асяродкам для свайго часу,— параўнальна з надта слабым прамысловым разьвіцьцём іншых местаў. Прамысловыя прадпрыемствы належалі ў большасьці самому месту, як, напрыклад, плітніца (каменяломня), млын, цагельні, бровары, пушкарскі завод, г. зн. гісэрня. Каля места былі і некаторыя прыватныя фабрыкі, напрыклад, шкляная фабрыка Пілёцкага. Уласьнік гэтае фабрыкі атрымаў прывілей на монопольнае права скупкі ўсяго шкла, якое прывозілі гандляры ў места, відавочна, каб зьнішчыць конкурэнцыю. З монополіі выключана было толькі шкло вэнэцыйскага вырабу.

Гандаль і прамысловасьць, якая нараджалася, прываблівалі да Вільні рабочых. Ужо граматай 1547 году закладаецца ў Вільні біржа працы, адводзіцца асобнае месца, дзе адбываецца найманьне прышлых рабочых.

Гарадзкі ўрад павінен быў наглядаць за тым, каб ніхто ня ўхіляўся ад утварэньня ўмоў з рабочымі ў паказаным месцы каля ратушы.

Згуртаваньне пакупнікоў у Вільні выклікала спэкуляцыйнае падвышэньне цэн. Гэтая акалічнасьць прымушала вышэйшую ўладу прымаць меры да ўрэгуляваньня цэн і да барацьбы з спэкуляцыяй. Так, вызначаўся час, калі перакупнікі могуць купляць харчовыя запасы. Выдаваліся і іншыя распараджэньні, накіраваныя супроць перакупнікаў, калі нават апошнія належалі да ліку панскіх падданых.

Цяпер пяройдзем да Дзьвінскага кірунку. Пунктам, які прыцягваў да сябе гэты кірунак, была Рыга. Аўтар другой паловы XVI сталецьця, Ніенштэдт, паведамляе аб Рызе, што ў гэтым горадзе быў вялікі склад тавараў. Як узімку, так і ўлетку сюды падвозяць усялякага роду хлеб і іншыя тавары. Па Дзьвіне з далёкай Расіі вязуць на плытох, чаўнох і стругох многа вялізных бярвеньняў, будаўнічы лес і дровы, попел, смалу, збожжа, каноплі, лён, скуры, воск, сала, канаплянае масла, канаплянае насеньне і іншыя тавары. А сюды вязуць тавары з Літвы, Курляндыі і Лівоніі. Усе гэтыя тавары прадаюцца ў Рызе, адкуль ідуць за мора. Шмат караблёў з розных месц прывозяць у Рыгу соль, селядцоў, дарагія палотны, шаўковыя тканіны, розныя мэталічныя дробныя