Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 2.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

быў вельмі шырокі. Ня толькі віленцы самі езьдзілі ў Маскву, Польшчу і Прусію, але ў Вільню прыяжджалі для гандлю туркі, татары, армяне, маскоўцы, палякі і іншыя госьці. Тут былі склады нямецкіх сукнаў, усходніх дываноў, каштоўных каменьняў. Праз Вільню ў Маскву ішлі косы, срэбра. Шмат маскоўскіх тавараў праходзіла на захад праз рукі віленскіх купцоў. У канцы XVI сталецьця можна адзначыць некалькі буйных гандлёвых дамоў, як дом Мамонічаў, Брука, які гандляваў вэнгерскім віном, Мартына Шлегеля, Сьвірыда Шостака, які правозіў вялікія партыі кос, нажоў, турэцкіх тавараў і інш. Маскоўскія хутры ў XVI сталецьці траплялі галоўным чынам у рукі віленцаў. Гэтыя хутры вельмі цікавілі немцаў, з якіх многія пасяліліся ў Вільні, каб гандляваць хутрамі. Тут-жа, як мы зазначылі, можна было сустрэць і прадстаўнікоў іншых нацый, у тым ліку ангельцаў і шатляндцаў з іх разносным гандлем дробнага тавару. У канцы XVI сталецьця ў Вільні быў асобны маскоўскі гасьціны двор, які зьдзіўляў чужаземцаў збыткам хутранога тавару. Рака Вальля часам настолькі запаўнялася суднамі, што яны павінны былі чакаць чаргі, каб увайсьці ў места. І гэта здаралася нават у канцы XVII сталецьця, калі гандаль Вільні ўжо хіліўся да заняпаду.

Зразумела, такі абхват гандлю, як ужо было сказана, падтрымліваўся прывілеямі і тым, што Вільня была асяродзьдзем багатага літоўскага і беларускага шляхецтва. Трэба памятаць, што ўсе чужаземцы, якія прыяжджалі ў Вільню, павінны былі мець памяшканьне на гасьціным двары. Нават у межах Польшчы віленцы не плацілі падаткаў. Адносна хутраных тавараў гэта давала Вільні права складу, г. зн., права продажы хутраў гуртам і толькі ў Вільні, прычым гандаль паміж прыежджымі гандлярамі забараняўся.

Усёю сваёю гандлёвай і прамысловай конструкцыяй Вільня адрозьнівалася ад іншых местаў.

Віленскі рынак адзначаўся сваім вялікім маштабам. Тут быў галоўны рынак і другарадныя. Гандляры мелі склады тавараў, сьвірны, адкуль яны вывозілі тавары на рынак. Апроч таго, былі звычайныя крамы, склепы, гандлявалі з вазкоў і з „клетак". Клеткі часам займалі і рамесьнікі, дзе яны, відавочна, працавалі і гандлявалі. Для некаторых прадметаў былі асобныя пасажы; напрыклад, памінаецца кушнерскі дом, дзе ішоў гандаль хутрамі, мусіць быць, дробны. Былі і асобныя рынкі для некаторых прадметаў, напрыклад, памінаецца рыбны рынак.

Гандлёвая структура Вільні адзначалася вялікаю складанасьцю. Тут мы сустракаем буйныя хаўрусы гандляроў, якія насілі назову „Гельд" (Гільдыя). Гельды мелі дамы з