Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 2.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

джарскі абавязуецца навучыць гэтай працы аднаго майстра. У канцы XVIII сталецьця на фабрыцы былі 24 варштаты, а ў пачатку XIX сталецьця толькі 12 з 30-ма рабочымі. На фабрыцы рабіліся рознастайныя матэрыі ў пэрскім гусьце. Цікава, што фабрычны штэмпэль пісаўся пабеларуску „Лео Маджарскі".

Але ўсе гэтыя спробы насаджэньня прамысловасьці былі ня болей, як панскія выдумкі, пад якімі часам хаваўся добры замер альбо перайманьне Захаду, але ня было здаровага разуменьня рэальнае рачавістасьці. Апроч суконных, ільняных і шкляных фабрык, усе іншыя мелі на мэце задаволіць утончаныя густы вяльможных паноў і грунтаваліся на падвозе чужаземнае сыравіны. Ня было разуменьня таго, што рамёствы і фабрыкі першага роду выпрацоўваюцца дзесяцігодзьдзямі, а фабрыкі, якія грунтуюцца на мясцовай сыравіне, павінны мець перш за ўсё мясцовы рынак для збыту.

Апроч таго, гэтыя спробы ў пераважнай большасьці робяцца якраз тады, калі Рэч Паспалітая ў гандлёвых адносінах накіроўвалася сваймі суседзямі. Так, мары аб каналах, якія вядуць з паўднёвае Беларусі да вусьця Віслы, паўсталі ў тую эпоху, калі кароль Прускі Фрыдрых Вялікі сыстэматычна падкопваў польскі і беларускі гандаль, жадаючы ўладаць Гданскам. Ён утвараў мытныя каморы, якія парушалі вольнасьці Гданскага порту і ў той-жа час ненатуральна падвышалі кошт вывазных тавараў. Ён дайшоў нават да таго, што выбіў два мільёны фальшывых талераў, якія распаўсюдзіў па Польшчы і Літве. Дагавор з Прусіяй 1775 году відавочна імкнуўся накіраваць польскі гандаль згодна прускіх інтарэсаў. Толькі пераход Гданску ў рукі Прусіі дапамог уздыму яго гандлю, г. зн. павялічэньню наплыву польскіх-жа тавараў.

Гандаль з Аўстрыяй у эпоху падзелаў ня меў вялікага значэньня, бо Польшча нічога ня вывозіла ў апошнюю, а да сябе ўвозіла толькі пераважна вэнгерскае віно. Зносіны з Прычорнамор'ем спыніліся яшчэ ў XVII сталецьці, калі Турцыя захапіла цытадэлі на паўночным беразе Чорнага мора. Але паўднёвы кірунак гандлю адразу-ж набыў вялікае значэньне, калі Прычорнамор'е перайшло ў рукі Расіі. Трэба заўважыць, што гандлёвы трактат 1775 году, г. зн. зараз-жа пасьля першага падзелу, быў вельмі спагадны для Польшчы. Расійскі ўрад вельмі прадбачліва ўвёў шэраг ільготных артыкулаў для тае часткі Беларусі, якая яшчэ заставалася ў злучэньні з Польшчай.

Гэтыя артыкулы абвяшчалі вольны гандаль па Дзьвіне. Рыскі гандаль сольлю звольнены быў -ад усялякіх мытных