Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 2.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Так, конвокацыйны сойм 1764 году скасаваў мытныя прывілеі шляхты, устанавіў адно „генэральнае“ мыта і даручыў скарбовым камісіям, якія ён-жа заклаў, клапаціцца аб гандлі, мануфактурах, мерах, вэксалёх і інш. Гэтыя меры былі пацьверджаны соймам 1775 году. Гэты зварот мытнае політыкі зьнішчаў самую галоўную перашкоду для разьвіцьця гандлю.

Але адносна разьвіцьця прамысловасьці соймавыя констытуцыі адышлі недалёка ад паглядаў сярэднявечча. У тэй-жа 2-ой палове XVIII сталецьця соймы неаднакроць выдаюць пастановы, накіраваныя супроць пышнасьці нешляхоцкіх станаў. Наадварот, адносна местаў соймавая політыка нярэдка зьяўлялася шкоднай. Канстытуцыя 1762 году дае шэраг амаль поліцэйскіх наказаў і некаторыя дробныя палёгкі гарадзкім жыхаром. Гэтая констытуцыя на практыцы вялікага значэньня ня мела, тым больш, што констытуцыя 1768 году аддала мяшчан пад уладу стараст як у пытаньнях адміністрацыйных, так і судовых. Гэта быў зварот даволі нечаканы—даручэньне ваўком апякаць авец, як кажа адзін дасьледчык. На старасту можна было скардзіцца асэсарскаму суду. Але гэта было справай нялёгкай, бо старасты хапалі і садзілі пад арышт тых, хто скардзіўся. Пачалася ўпартая вайна між старастамі і мяшчанамі, якая скончылася перамогай старастаў над местамі. Констытуцыя 1776 году, устаноўленая толькі для Літвы і Беларусі, зусім зьнішчыла Майдэборскае права для местаў і мястэчак гэтае часткі рэспублікі, захаваўшы Майдэборскае права толькі ў наступных 10 местах: у Вільні, Лідзе, Тронах, Наваградку, Ваўкавыску, Пінску, Менску, Мозыры, Берасьці і Горадні. Констытуцыйны акт тлумачыць гэтую меру тым, што іншыя месты і мястэчкі зьяўляюцца, сьцісла кажучы, земляробскімі селішчамі, і тым, што гарадзкія суды робяцца неадпаведнымі па падрыхтоўцы элемэнтамі. Гэтая мера выклікала выбух абурэньня ў розных колах і шэраг рэзкіх выступаў у друку. Брошуры таго часу адзначаюць, што з 1768 году пачаўся пэрыод гібелі местаў. Адзін анонімны аўтар апавядае, быццам каля 3.000 мяшчан выселілася ў Расію і Прусію.

Гэткім чынам, заняпад гаспадаркі местаў яшчэ болей быў падкрэсьлены эгаістычнай політыкай шляхты.

Орыгінальна, што ў гады росквіту мэркантылізму ні ў Польшчы, ні ў Літве не адчуваецца зьяўленьня новых кірункаў у галіне гандлёвае політыкі. Пануе ранейшы сярэднявечны варожы пагляд на гандляра. Гандаль зьяўляецца пагарджанаю справай.

Сярод іншых прычын, якія адмоўна ўплывалі на гандаль, трэба адзначыць дрэнны стан шляхоў. Тэорэтычна соймавыя