Старонка:Соцыяльна-экономічная структура Літоўска-Беларускае дзяржавы ў XVI — XVIII сталецьцях 2.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўласна з беларускага боку гэты гандаль быў найболей актыўны, бо самі беларускія гандляры выяжджалі за кардон. Польскія гандляры рэдка зьяўляліся ў Верасьні. Яшчэ радзей прыяжджалі немцы з Балтыцкіх партоў.

У гэтым гандлі крэдыт, як відаць, граў вельмі малую ролю. Форма пісьмовага вэксалю мала ўжывалася. Толькі сярод яўрэйскіх гандляроў памінаюцца пазычальныя лісты.

Акт пазыкі проста абвяшчаўся перад войтаўскім радам. Цяжка сказаць што-колечы аб вышыні процанту. Ён не памінаўся ў заявах, праўдападобна, таму, што „гостинец“ альбо процант далучаўся да капіталу, які павінен быў быць зварочаны. Процант, як відаць, ня быў нізкім. Пазыкі былі дробныя. Аб труднасьці здабываньня грошай у крэдыт можна судзіць па тым, як нялёгка было дзяржаве ў гады лівонскае вайны знаходзіць грошы нават пад заставу вялікакняскіх добраў.

8. Заключныя ўвагі і эпоха падзелаў.

На папярэдніх старонках намі ня раз вызначаліся тыя нездаровыя зьявішчы, якія ўкараняліся ў экономічным і соцыяльным строі Беларусі. Паасобку адзначаўся заняпад тэмпу экономічнага жыцьця ў XVII і XVIII сталецьцях пасьля кароткага яго росквіту ў XV сталецьці. Становішча знадворнага гандлю складалася неспагадна.

Вытворчасьць краіны з ростам насельніцтва і па меры захопу земляробствам усё большае і большае колькасьці незанятых абшараў не перабудоўвалася і краіна ня выходзіла з стану вытворцы найгрубейшае сыравіны.

Аб прамысловасьці апрацоўчай, за выключэньнем млыннае справы, бадай што нельга казаць, бо толькі дзе-ні-дзе мы бачылі нязначныя сьляды яе. Яна і не магла ўтварацца ў такіх умовах, калі нават напярэдадні падзелу цэхавы строй меў поўную сілу і мог давіць на фабрыку, якая толькі нараджалася.

Мы павінны прызнаць факт зьбядненьня дзяржавы. Перш за ўсё гэта выяўляецца ў зьбядненьні сялянскае клясы. Яго становішча надта цяжкое. Краіна, у якой самая шматлюдная кляса знаходзіцца ў стане зьбядненьня і бяспраўя, нічога ня робіць для рынку, за выключэньнем покупу солі і гарэлкі, ня мае патрэб і ня можа іх разьвіваць.

Гарадзкая кляса існавала формальна. Местаў было шмат, але, апроч нямногіх, яны былі бедныя насельніцтвам. Як відаць, лік яго ў XVIII сталецьці не павялічыўся, а нават зьменшыўся параўнальна з XVI сталецьцем. Аб дробных мястэчках бадай што ня прыходзіцца гаварыць. Сярод некалькіх хат стаяць карчмы, прад якімі ў азначаныя дні прадаюць сіты, мётлы і гаршчкі. Вось тыповы малюнак Поль-