Старонка:Сонечнымі сьцежкамі (1925).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

III

Наша песьня — з балота ды з лесу.
Наша песьня — з кудлатых імшараў.
Мне ня жаль, што сарвалі завесы
з непазнаных імглістых чараў.

Я люблю нашы сінія казкі
такімі, як іх складалі…
Бусел над пуняй крылом заляскаў
дый панёсься ў бяскрайныя далі.

Многім многа яшчэ раскажа
наша песьня з кудлатых імшараў:
ў ёй саткалі мы тонкую пражу
з непазнаных імглістых чараў.

Вось і ўпала з вачэй заслона.
Мы пазнаць непазнанае хочам.
Лягу я на зялёным улоньні —
буду слухаць, як песьня стукоча.

|}