Старонка:Сонечнымі сьцежкамі (1925).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II

Вы прышлі з далёкіх ваколіц,
вы прынесьлі далёкія песьні.
Загубіў залатую падкову
на шурпатым аўсянішчы месяц.

Гадоў не адна ўжо сотня
праняслася над нашым полем.
Вы казалі: „У ціне балотнай
не растуць кіпарысы ніколі!“

А прышлі-ж вы, прышлі здалёку,
вы прынесьлі далёкія песьні:
і затупаў нячутым крокам
па шурпатым аўсянішчы месяц.

За акном зарыдала катрынка,
А я-б лепш паслухаў гармонік,
Каб былі, каб былі ў мяне крыльлі,
я-б за песьняй паляцеў ў пагоню.