Старонка:Сонечнымі сьцежкамі (1925).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Ў музэі залатую бранзалетку
я бачыў за празрыстым шклом —
яе, пад старажытным курганом,
пазелянеўшую знашлі малыя дзеці.

І ў тыя дні расьлі на полі кветкі…
І ланцужком, сатканым з васількоў,
стары мастак прывычнаю рукой
аздобіў залатую бранзалетку.

Мастацкі дух ніколі не памрэ.
Не пахаваць яго пад курганамі,
ня вычарпаць гадамі і вякамі.

Яму ў агні пякельным не згарэць.
Ён вырвецца з багны разводзьдзем буйным рэк
і загарыцца зноў бліскучымі агнямі.