Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Нельга не зазначыць таго, што некаторыя хірургі паказваюць на павялічэньне сьмяротнасьці ад апэндыцыту, у сувязі з шырокім распаўсюджваньнем опэрацыйнага мэтоду яго лячэньня — пра гэта гл. у разьдзеле аб павялічэньні пасьляопэрацыйнай сьмяротнасьці. Тут я ўспамяну пра погляды аўтароў, падкрэсьліваючых правільнасьць вялікага консэрватызму ў пытаньні лячэньня апэндыцыту. Адны ня бачаць асаблівых пераваг ад ажыцьцяўленьня прынцыпу раньняй опэрацыі. Гольст (1927) гадае такія лічбы: на 436 выпадкаў лечаных тэрапэўтычна — 3 сьмерці — 0,7 проц.; на 1.823 выпадкі опэраваныя — 57 сьмярцей — 3,1 проц. Але пытаньне ў тым, якія выпадкі лячыліся консэрватыўна, ці не найбольш лёгкія?

Другі момант такі: ажыцьцяўляючы ідэю раньняй опэрацыі, некаторыя аўтары лічыць, што ў позьняй стадыі, калі ўжо разьвіўся пэрытоніт, мы павінны быць консэрватыўнымі. Так Дзівэр піша, што з таго часу, як ён пачаў лячыць пэрытоніты консэрватыўна, сьмяротнасьць пры востым апэндыцыце зьменшылася з 19,2 проц. (1900 г.) да 3-4 проц. (1920 г.). Таксама Геры, які цытаваўся вышэй, атрымаў пры вострым апэндыцыце сьмяротнасьць — 1 проц., і тлумачыць гэта тым, што пэрытоніты лячыў консэрватыўна. Усё-ж такі вопыт шмат якіх іншых хірургаў настолькі супярэчыць гэтаму, што пакуль прызнаць гэты погляд правільным няма дастатковых падстаў.

Заключэньне: сьмяротнасьць ад апэндыцыту можа быць даведзена да мінімуму, дзякуючы раньняй опэрацыі, г. зн. у значнай меры за лік выхаваньня ўрачоў і хворых у адпаведным кірунку.

Запаленьні жоўцевых шляхоў. Сьмяротнасьць пры запаленьні жоўцевых шляхоў ня так лёгка выявіць. Малую лічбу сьмяротнасьці, якую падаюць тэрапэўты, Фёдараў лічыць падазронай і надае большае значэньне лічбам Біндэра, які паказвае 11 проц., і Наўніна, які гаворыць пра 15 проц. сьмяротнасьці. Найбольш правільнае ўяўленьне пра агульную смяротнасьць даюць, як відаць, масавыя лічбы дзяржаўнай статыстыкі.

Італія — на 100.000 насельніцтва памерла ад хвароб печані і жоўцевых шляхоў:

Гады У проц. У абсалютн. лічбах
1924 6,7 2.640
1925 7,8 3.109
1926 7,7 3.083