Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нашых больніц, яны так часта бываюць, што займаюць першае ці другое месца па частасьці.

Яны стаяць на першым месцы таксама і ў падрабязнай статыстыцы штату Канзас - 2.542 выпадкі з агульнага ліку - 8.922 сьмерці ад траўмы. У вышэйпаданай германскай статыстыцы такія няшчасныя выпадкі таксама займаюць вялікае месца (18,2 проц. у мужчын і 29,8 проц. у жанчын). Колькасьць гэтых няшчасных выпадкаў будзе, зразумела, з цягам часу зьмяншацца, у сувязі з павялічэньнем культурнасьці жыцьця.

Трэба зьвярнуць увагу на зазначаны шмат кім факт, што ад няшчасных выпадкаў вельмі часта паміраюць старыя людзі. Гэта акалічнасьць (58 проц. прыпадае, згодна статыстычных даных штату Канзас, на старых 70-89 г.) сьведчыць аб двох момантах: аб малой устойлівасьці організму ў старыя гады і аб большай магчымасьці для такога організму падпасьці няшчаснаму выпадку. Апошняе абумоўліваецца стратай організмам здольнасьці хутка аўладаць у адпаведны ракавы момант усімі мускульнымі і іншымі прыстасаваньнямі для ўнікненьня гэтай няшчаснай выпадковасьці.

Цяжкая індустрыя дае значную лічбу. Яе ролю лёгка заўважыць, калі параўнаць сьмяротнасьць на тэкстыльных фабрыках і на мэталюргічных заводах. На тэкстыльных прадпрыемствах на 1.000 рабочых сьмерць ад траўмы (Гарынеўская НКТ РСФСР) у 1926 г. была роўнай 0,02, а на мэталюргічных - 0,15.

З усёй колькасьці шматлікіх даных я зьмяшчу вельмі пераканальныя лічбы, датычныя чыгуначнікаў СССР за 1925 г.

Траўмы разьмяшчаліся на катэгорыях наступным чынам:

Чыгуначныя майстэрні 30,48 проц.
Паравозны пэрсонал 13,96
Служба сувязі 3,15
Мэд. пэрсонал 3,09
Станцыённы пэрсонал 2,28
Вышэйшы адміністрац. састаў 1,18

Мы назіраем далей зьмяншэньне сьмяротнасьці ад прамысловых траўм у сувязі з мерапрыемствамі па ахове працы. Калі браць за падставу статыстыку Гарынеўскай, дык выходзіць, што лічбы сьмяротнасьці ад прамысловых траўм за 1912 г. у 2-3 разы большыя, чым лічбы 1926 г. Сучасная прамысловасьць, якая імкнецца да максымальнай мэханізацыі прамысловых процэсаў, з уласьцівай апошняй дакладнасьцю і яснасьцю работы, павінна даць зьмяншэньне ліку цяжкіх траўм.