Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Трэба думаць, што лік афяр цяжкай індустрыі будзе ў больш аддаленай будучыні большым у прамысловасьці здабываючай, чым у прамысловасьці апрацоўчай. Папераджальныя мерапрыемствы, зразумела, зьменшаць гэту сьмяротнасьць, ня гледзячы на рост прамысловасьці, і зьвязанае з ім хуткае уцягненьне ўсё новых і новых кадраў рабочых. Уздым прамысловага траўматызму перажывалі ўсе капіталістычныя краіны ў пэрыод прамысловага росквіту. Наша перавага заключаецца ў тым, што падрыхтоўваючы плянава кадры рабочых праз ФЗШ і г. д., мы аўладоўваем гэтым патокам новых рабочых і ўносім ў яго планамернасьць. Таму мы можам разьлічваць на зьмяншэньне цяжкіх траўм у прамысловасьці.

Яшчэ трэба адзначыць разьвіцьцё земляробчай прамысловасьці што таксама прыводзіць да павялічэньня траўм. Гэты від пашкоджаньняў заслугоўвае цяпер вялікай увагі, а ў будучыні, у сувязі з разьвіцьцём мэханізацыі земляробства набудзе, бязумоўна вялікае значэньне, паколькі з гэтымі машынамі зьвязана праца абслугоўваючага іх пэрсоналу. Значэньне земляробчых параненьняў заключаецца, галоўным чынам, у асаблівасьці іх інфэкцыі, сярод якой інфэкцыя анаэробная і слупняк — адыгрываюць вельмі значную ролю. Таксама сваяасаблівымі зьяўляюцца пашкоджаньні жывёламі — капытамі каня, рагамі каровы; гэтыя пашкоджаньні павінны быць залічаны ў групу пашкоджаньняў земляробчай прамысловасьці.

Вельмі значную ролю адыгрываюць цяпер — і яшчэ большую будуць адыгрываць у будучыні — пашкоджаньні ад сродкаў перамяшчэньня. Нас, як і іншыя краіны, чакае хваля траўматычных пашкоджаньняў, зьвязаных з аўтомобільнаю справай і наогул з далейшым разьвіцьцём мэханічных сродкаў перамяшчэньня. Пра гэта я ня буду многа гаварыць, а падам толькі некаторыя лічбы. З 1919 г. да 1926 г. у Амэрыцы загінула ад аўтомобільных пашкоджаньняў 137.017 чалавек (а за Эўропэйскую вайну загінула 120.050 амэрыканцаў).

Штат Канзас

Сьмерць ад аўтомобіляў у абсолютных лічбах:

1914 г. 36
1915 г. 45
1916 г. 100
1917 г. 112
1918 г. 134
1919 г. 116
1920 г. 164
1921 г. 154
1922 г. 171
1923 г. 213
1924 г. 149
1925 г. 235
1926 г. 237
1927 г. 253