Старонка:Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Калі мы ад агульных лічбаў пяройдзем да дэталяў, дык можна знайсьці пераканальныя лічбы, якія ўжо ня ўскосна, а непасрэдна гавораць пра зьніжэньне процанту сьмяротнасьці ў хірургічных аддзяленьнях.

Я зраблю спачатку параўнаньне хірургічнай сьмяротнасьці ў Більрота і ў сябе. Гэтыя лічбы тым больш красамоўныя, што Більрот — гэта лепшы хірург эпохі, а мае лічбы — гэта сярэднія лічбы нашых часоў. Пры параўнаньні знаходзім, што траўматычныя пашкоджаньні давалі:

у Більрота ..... 8,52 проц. — 13 проц. сьмяротнасьці,
у мяне ...... 6,6 проц.
Запальныя процэсы:
У Більрота ..... 7,6 проц. — 12,1 проц.
у мяне ...... 3,8 проц.
г. зн. мы маем зьмяншэньне ў два ці тры разы.
Пухліны:
у Більрота ..... 12,9 проц. — 16,5 проц.
у мяне ...... 12 проц.
Расстройствы жыўленьня і зьмяшчэньні
ў Більрота (пад рубрыкай «іншыя») 8,2 проц. — 9 проц.
у мяне ...... 5 проц.

Гэтыя лічбы мне здаюцца характарнымі: зьмяншэньне сьмяротнасьці пры траўмах, запаленьнях, расстройствах жыўленьня і наяўнасьць таго-ж самага процанту сьмяротнасьці пры пухлінах. Але ў першых трох групах зьмяншэньне ў 2-3 разы — рэальны прогрэс, а ня толькі адноснае зьмяншэньне сьмяротнасьці. Прычына ляжыць у тым, што эпоха Більрота і ён сам былі наватарамі і плацілі за новыя, пракладаныя імі шляхі; мы-ж ідзем па гатовых іхных шляхох, унікаючы іхных памылак[1].

Улічваючы асаблівасьці пасьляопэрацыйных статыстык, мы ўсё-ж можам зрабіць спробу параўнаць пасьляопэрацыйную сьмяротнасьць да 1900 г. і новых часоў.

Зразумела, няма патрэбы гаварыць пра даантысэптычны пэрыод. Каб даць пра яго хоць некаторае ўяўленьне, я падам такія 2 даведкі: у Буша ад 1808 г. да 1816 г. было зроблена 255 опэрацый, з 55 сьмяротнымі вынікамі — каля 22 проц. сьмяротнасьці, агульны-ж процант пасьляопэрацыйнай сьмяротнасьці ў Пірагова быў ад 10 проц. да 26 проц.!

  1. Першыя 18 рэзэкцый страўніка ў Більрота далі 10 сьмярцей, а першыя 9 Г. Э. — 5 сьмярцей (Гакер 1885).