Старонка:Смок Белью.pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гастэл кіравала імі. Капюшон яе вавёркавай паркі быў адкінуты назад, і авал яе твара, які нагадваў камею[1], вызначаўся на фоне густой масы валасоў. Яна скінула рукавіцы і голымі рукамі сціскала бізун і край санак.

— Пераскоквайце! — крыкнула яна, калі яе важак параўняўся з важаком Смока.

Смок скочыў у санкі ззаду яе. Санкі пахіснуліся ад цяжару яго цела, але яна ўтрымалася на каленях, размахваючы бізуном.

— Гэй вы! Жывей! Чук! Чук! — крычала яна, і сабакі скавыталі і брахалі, загарэўшыся жаданнем перагнаць Вялікага Олафа.

І калі яе важак параўняўся з санкамі Вялікага Олафа і ярд за ярдам пачаў выбірацца наперад, вялізны натоўп народу на беразе Даусона канчаткова звар’яцеў. Натоўп і сапраўды быў вялізны, таму што ўсе золаташукальнікі пакідалі свае інструменты на беразе рэчак і з’явіліся сюды, каб зірнуць на вынікі спаборніцтва, і не было такога вар’яцтва, якое не апраўдвалася-б у гэтым апошнім перагоне на сто дзесятай вярсце.

— Калі вы выйдзеце наперад, я саскочу! — крыкнула Джой праз плячо Смоку.

Смок паспрабаваў быў пярэчыць.

— І не забывайце крутога павароту на поўдарозе да пад’ёму, — папярэдзіла яна яго.

Абедзве запрэжкі беглі цяпер побач, раздзеленыя шасцю-сямю футамі. Вялікаму Олафу пашанцавала падагнаць сваю запрэжку ўдарамі бізуна і крыкамі. Потым марудна, па дзюйму, важак Джой пачаў выступаць наперад.

— Рыхтуйцеся! — крыкнула яна Смоку. — Зараз я пакіну вас! Бярыце бізун!

І ў той самы момант, калі ён мяняў руку, каб узяць бізун, прагучэў папераджальны крык Вялікага Олафа. Але было ўжо позна. Яго важак, раззлаваны тым, што яго пераганяюць, кінуўся ў атаку і ўсадзіў свае клыкі ў бок важаку Джой. Затым усе сабакі ўчапіліся адзін другому ў горла. Санкі наехалі на сабак, якія грызліся, і перавярнуліся. Смок з цяжкасцю падняўся на ногі і кінуўся падымаць Джой, але яна адпіхнула яго, крыкнуўшы:

— Бяжыце!

  1. Камея — выпуклы партрэт, выразаны на камені. Старажытныя камеі адзначаюцца тонкасцю і выразнасцю ліній.