Старонка:Смок Белью.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пяцьдзесят уперадзе. Раптам збоку паказаліся санкі і накіраваліся проста да яго, і тут Смок зразумеў адчайную меру Олафа. Ён хацеў выйсці ўперад да подставы. Гэтая свежая запрэжка, якая павінна была даставіць яго ў Даусон, была нечаканасцю для ўсіх. Нават людзі, ставіўшыя на яго, і тыя нічога не ведалі пра яе.

Смок сабраў усе свае сілы, каб перагнаць праціўніка, пакуль той будзе мяняць запрэжку. Пусціўшы сваіх сабак на ўсю моц, Смок пакрыў раздзяляўшую іх адзін ад другога адлегласць. Узмахамі і ўдарамі бізуна ён прымусіў іх узяць убок, і яго важак параўняўся з карэннікам Вялікага Олафа і пабег побач. З другога боку, уроўні з імі, ішлі санкі для змены. Пры той хуткасці, з якой яны ішлі, Вялікі Олаф не адважваўся пераскочыць на хаду. Калі-б ён прамахнуўся і ўпаў, Смок вышаў-бы наперад і спаборніцтва было-б для Олафа прайграна.

Вялікі Олаф зрабіў яшчэ адно намаганне, каб быць першым, і цудоўным рыўком выкінуў сваіх сабак наперад. Аднак важак Смока прадаўжаў ісці нароўні з яго карэннікам. З поўмілі трое санак імчаліся побач. Роўная прастора падыходзіла к канцу, калі Вялікі Олаф нарэшце рыскнуў. Калі санкі на поўным хаду наблізіліся адны да другіх, ён скочыў і апынуўся на каленях, гікамі і ўзмахамі бізуна падганяючы свежую запрэжку. Адкрытая прастора пераходзіла ў вузкую сцежку, і ён пагнаў на яе сваіх сабак, выйграўшы які-небудзь ярд.

«Чалавек не лічыцца пераможаным, пакуль ён не пераможаны», вырашыў Смок, і Вялікі Олаф як ні намагаўся, не мог адарвацца ад Смока. Ні адна з запрэжак, якімі за гэтую ноч кіраваў Смок, не змагла-б вытрымаць такой страшэннай хуткасці, якую развіла свежая змена сабак — ні адна запрэжка, апрача яго ўласнай. І тым не менш гэтая хуткасць усё-такі была страшэннай, і калі ён агінаў уцёс каля Кландайк-Сіці, ён адчуў, што апошнія сілы пакідаюць яго жывёлін. Непрыкметна яны пачалі адставаць, і фут за футам Вялікі Олаф пачаў уходзіць уперад, пакуль не адышоў на цэлых дваццаць ярдаў.

Насельніцтва Кландайк-Сіці, якое сабралася на лёдзе, сустрэла іх крыкамі захаплення. У гэтым месцы Кландайк упадае ў Юкон, і ў поўмілі адсюль на поўночным беразе ляжыць Даусон. Зноў пачуўся выбух гучных воклічаў, і Смок заўважыў санкі, якія імчаліся проста да яго. Ён пазнаў цудоўных сабак: гэта былі сабакі Джой Гастэл. І сама Джой