Старонка:Смок Белью.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дапраўды, не ведаю, — адказаў Біль. — Напэўна, я звіхнуў сабе плячо ў бойцы.

Пакрыху ён пачаў адставаць, так што, калі наперадзе паказалася наступная подстава, ён адстаў на добрыя поўмілі. Далей, наперадзе, віднеліся поплеч Вялікі Олаф і фон-Шрэдэр. Зноў Смок падняўся на калені і развіў у сваіх змораных сабак хуткасць, якую здолен развіць толькі чалавек, валодаючы пачуццём сапраўднага пагоншчыка сабак. Ён пад’ехаў у прытык к задку санак фон-Шрэдэра, і ў такім парадку трое санак выехалі на гладкую паверхню ніжэй награмаджэння, дзе стаяла ў чаканні мноства людзей з сабакамі. Даусон быў у пятнаццаці мілях.

Фон-Шрэдэр з яго дзесяцімільнымі подставамі змяніў сабак за пяць міль адсюль і павінен быў змяніць запрэжку на пяць міль далей. Ён імчаўся ўперад, паганяючы сваіх сабак, поўным ходам. Вялікі Олаф і Смок на хаду перамянілі свае запрэжкі, і іх свежыя сабакі зараз-жа перагналі барона. Вялікі Олаф ішоў наперадзе, Смок ішоў за ім па вузкаму шляху.

«Пакуль нядрэнна, але не зусім яшчэ добра», падумаў Смок.

Фон-Шрэдэр, які цяпер ішоў ззаду, не быў яму небяспечным. Але наперадзе ішоў лепшы пагоншчык сабак ва ўсёй краіне, і перагнаць яго здавалася немагчымым. Зноў і зноў Смок прымушаў свайго важака даганяць санкі Вялікага Олафа, і кожны раз Олаф уходзіў уперад. Смок задавальняўся тым, што неадступна ішоў за ім. Спаборніцтва яшчэ не было прайграна, на працягу пятнаццаці міль многае можа здарыцца…

За тры мілі да Даусона сапраўды нешта адбылося. На вялікае здзіўленне Смока Вялікі Олаф падняўся, намагаючыся выціснуць праклёнамі і ўдарамі бізуна апошнюю унцыю сіл са сваіх сабак. Гэта была мера, якую патрэбна-б было прыберагчы на апошнія сто ярдаў, замест таго каб ужываць за тры мілі да фініша. Хоць гэта была відавочная гібель для сабак, Смок паследаваў яго прыкладу. Яго ўласная запрэжка была цудоўная. На Юконе не было лепш трэніраваных і выхаджаных сабак. Смок-жа працаваў разам з імі, еў і спаў разам з імі, добра ведаў індывідуальнасць кожнага сабакі, ведаў, як лепш выкарыстаць розум кожнага з іх і як лепш выцягнуць з яго апошнюю кроплю волі.

Яны падняліся на невялікі ледзяны ўзгорак, з’ехалі на роўную паверхню. Вялікі Олаф ішоў усяго футаў на