Старонка:Смок Белью.pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на паваротах ракі. Тры твары адзін за другім, па чарзе без усякай відавочнай сувязі і паслядоўнасці, паўставалі ў яго ўяўленні: твар Джой Гастэл, вясёлы і смелы; твар Шорці, збітага і замучанага ў бойцы на Мано; і, нарэшце, маршчыністы твар Джона Белью, строгі, нібы выліты з жалеза, — такая няўмольная была яго суровасць. Часамі Смоку хацелася моцна закрычаць і зацягнуць песню лікуючай урачыстасці, калі ён успамінаў рэдакцыю «Хвалі», свой раман з жыцця Сан-Фраяцыска, які так і застаўся няскончаным, і ўсю нікчэмнасць таго пустога, беззмястоўнага жыцця.

Было шэрае ранішняе світанне, калі ён змяніў сваіх змораных сабак на восем свежых малемутаў. Яны былі лягчэй гудсонаўскіх, маглі развіць яшчэ большую хуткасць і імчаліся з нястомнасцю сапраўдных ваўкоў. Сітка Чарлей назваў яму па чарзе імёны ідучых наперадзе: Вялікі Олаф у галаве, другім Біль з Арызоны і трэцім фон-Шрэдэр. Гэта былі лепшыя гоншчыкі ва ўсёй краіне. Яшчэ да таго, як Смок пакінуў Даусон, на іх спрачаліся ў заклад і пры гэтым ставілі імёны гоншчыкаў якраз у такім парадку. Яны спаборнічалі на адзін мільён, а ставілі ў заклад не менш чым на поўмільёна. Ніводзін чалавек не ставіў на Смока, які, не гледзячы на некалькі яго ўсім вядомых подзвігаў, усё-такі лічыўся чэчака, якому належала яшчэ шмат чаму вучыцца.

Калі развіднела, Смок заўважыў наперадзе санкі, і праз якія-небудзь поўгадзіны яго запрэжка нагнала іх. І толькі тады, калі чалавек у санках азірнуўся, каб вымавіць прывітанне, Смок пазнаў у ім Біля з Арызоны. Відавочна, фон-Шрэдэр перагнаў яго. Добра выкатаная дарога была празмеру вузкая, па баках ляжаў рыхлы снег, і Смоку давялося яшчэ з поўгадзіны ехаць ззаду. Потым яны дасягнулі лёдавага награмаджэння, за якім пачыналася роўная прастора з цэлым радам стаянак, дзе снег быў утаптаны на шырокай плошчы. Стоячы на каленях, размахваючы бізуном і голасна пакрыкваючы на сабак, Смок выехаў наперад. Ён заўважыў, што правая рука ў Біля з Арызоны вісіць нібы плець і ён вымушан быў трымаць бізун у левай руцэ. Білю было вельмі нязручна, бо ён не мог трымацца, яму няспынна даводзілася кідаць бізун і хапацца за санкі, каб не быць выкінутым, Смок успомніў бойку на рэчцы ля Трэцяга нумара, ніжэй Пробнага, і ўсё зразумеў. Шорці даў яму добрую параду.

— Што такое з вамі? — запытаў Смок, абганяючы Біля з Арызоны.