Старонка:Смок Белью.pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шляху і ў час заўважыў вялікую сасну на беразе, якая ледзь была бачна пры святле кастроў. За гэтай сасной панаваў не толькі змрок — тут нечакана абрывалася і гладкая ледзяная паверхня. У гэтым месцы, ён ведаў, дарога звужвалася да шырыні адных санак. Нагнуўшыся наперад, ён схапіўся за вяроўку і прыцягнуў санкі да карэнніка. Затым ён схапіў жывёлу за заднія ногі і пацягнуў яе да сябе. З злосным гірчэннем сабака намагаўся ўсадзіць у яго свае клыкі, але быў зацягнуты наперад другімі сабакамі. Яго цела адыграла ролю тормаза, і дзве другія запрэжкі, якія ішлі побач, рынуліся наперад, у цёмру вузкага праходу.

Смок пачуў трэск і грукат сутыкнення, выпусціў карэнніка, схапіў шост і пагнаў сваю запрэжку ўправа, у рыхлы снег, дзе сабакі, якія ірваліся наперад, правальваліся па самае горла. Гэта было вельмі цяжка, але затое ён перагнаў дзве запрэжкі, якія сутыкнуліся, і паспяхова выбраўся на ўтаптаны шлях.


VI

На Шасцідзесятай мілі Смок атрымаў зноў слабую запрэжку, і хоць дарога была нядрэнная, тым не менш ён скараціў гэты пераход да пятнаццаці міль. Дзве апошнія запрэжкі павінны былі даставіць яго ў Даусон да заявачнай канторы. І Смок выбраў для гэтых апошніх двух перагонаў лепшых сваіх сабак.

Сам Сітка Чарлей чакаў Смока з васьмю малемутамі, якія павінны былі перакінуць яго на дваццаць міль наперад, а для фініша з перагонам у пятнаццаць міль была прызначана яго ўласная запрэжка — запрэжка, з якой ён не расставаўся ўсю зіму і хадзіў на пошукі Возера Нечаканасцей.

Тыя двое, якія сутыкнуліся ля Шасцідзесятай мілі, так і не дагналі яго, але, з другога боку, і яго ўласная запрэжка не магла дагнаць ні аднаго з трох чалавек, якія былі наперадзе. Хоць яго сабакам неставала вытрымкі і хуткасці, яны беглі з усіх сіл, і амаль не было неабходнасці падганяць іх, каб яны ішлі поўным ходам. Смоку заставалася толькі ляжаць ніцма і трымацца за санкі. Час-ад-часу ён вылятаў з цемры ў кальцо святла каля гарэўшага кастра, лавіў імгненную карціну захутаных у пушніну людзей, якія стаялі ля запрэжаных чакаючых сабак, і зноў тануў у цемры. Міля за міляй ён імчаўся наперад, і ў яго вушах чулася толькі рыпенне снегу пад палазамі санак. Амаль механічна ён утрымліваўся ў санках, калі яны ныралі і падымаліся ўгару ці раскатваліся