Старонка:Смок Белью.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тут у час лёдаставу кавалкі лёду ўтварылі бар’ер; ён адгарадзіў на працягу мілі незамерзлую прастору вады, якая цяпер была пакрыта гладкім лёдам. Гэтая роўная паверхня давала магчымасць спаборнічаючым мяняць сабак на хаду, і тут уздоўж усяго шляху стаялі напагатове свежыя змены сабак.

Пераехаўшы бар’ер і спусціўшыся на гладкую паверхню, Смок паляцеў на ўсю хуткасць і крыкнуў гучным голасам:

— Білі! Білі!

Білі пачуў яго і адказаў. Пры святле некалькіх кастроў на ільду Смок убачыў санкі, якія вынырнулі збоку і паімчаліся да яго. Сабакі былі свежыя і нагналі яго. Калі санкі параўняліся, ён пераскочыў у іх, і Білі хутка ад’ехаў.

— Дзе Вялікі Олаф? — крыкнуў Смок.

— Наперадзе ўсіх, — прагучэў у адказ голас Білі, і кастры засталіся ззаду, а Смок зноў імчаўся наперад праз непранікальную сцяну змроку.

Сярод лёдавых награмаджэнняў на гэтым перагоне, дзе шлях ішоў праз хаос наварочаных ледзяных крыг, Смок саскочыў з перадка санак і, схапіўшыся за канец вяроўкі, бег за карэннікам. Такім чынам ён перагнаў трое санак. Там нешта здарылася, і ён чуў, як людзі выразалі з запрэжак сабак і ладзілі збрую.

У лёдавых награмаджэннях наступнага кароткага перагону на шляху да Шасцідзесятай мілі ён перагнаў яшчэ дзве запрэжкі. Цяпер ён добра зразумеў, што адбылося з імі. Яго ўласны сабака вывіхнуў сустаў, не ў сілах быў утрымацца на нагах і заблытаўся ў збруі. Другія сабакі з запрэжкі, раззлаваўшыся, накінуліся на гэтага сабаку, пусціўшы ў ход свае клыкі, і Смок вымушан быў уціхамірыць іх цяжкай рукаяткай свайго бізуна. Калі ён выразаў з запрэжкі скалечаную жывёліну, ён пачуў ззаду сябе жаласлівы віск сабак і чалавечы голас, які здаўся яму знаёмым. Гэта быў фон-Шрэдэр. Смок крыкнуў, каб ён не наехаў на санкі. І барон, гікнуўшы на сваіх сабак і размахваючы шастом, аб’ехаў яго на адлегласці якіх-небудзь дванаццаці футаў. Змрок быў такі непранікальны, што Смок чуў, як той перагнаў яго, але нічога не бачыў.

На гладкай паверхні ільду каля факторыі ля Шасцідзесятай мілі Смок дагнаў яшчэ двое санак. Усе толькі што памянялі сабак і на працягу пяці хвілін імчаліся поплеч. Людзі стаялі на каленях, падганяючы звар’яцелых жывёл крыкамі і ўдарамі бізуна. Смок раней дакладна вывучыў гэтую частку