Старонка:Смок Белью.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Што здарылася за наступныя поўгадзіны, Смок ніколі не мог ясна прыпомніць. Нарэшце ён выбраўся з усяго гэтага зусім абяссілены, задыхаючыйся, з сківіцаю, разбітай ударам кулака, з болем у плячы ад удару дубінай, адчуваючы, што ў яго па назе, разарванай сабачымі клыкамі, цячэ цёплая кроў, а абодва рукавы паркі парваны на кавалкі. Нібы ў сне, у той час як ззаду іх яшчэ бушавала бойка, ён пачаў дапамагаць Шорці перапрагаць сабак. Адну, паміраючую, яны выразалі з запрэжкі і ў цемры, навошчуп наладзілі пашкоджаную збрую.

— Цяпер ляж і аддышыся добра! — скамандаваў Шорці.

І сабакі паімчаліся ў цемру, уніз па Мано, перасеклі доўгія парогі і выехалі на Юкон. Тут, пры зліцці Мано з вялікай ракой, нехта запаліў касцёр, і тут Шорці развітаўся са Смокам. Пры святле кастра, калі санкі паімчалі сабакі, Смок захаваў у сваёй памяці незабыўную карціну Поўначы: гэта была фігура Шорці, які ішоў, хістаючыся і накульгваючы, па снягу і пасылаў Смоку наўздагон бадзёрыя парады; адно вока ў яго пачарнела і закрылася, кісці рук былі пакрыты царапінамі і сінякамі, з рукі, разарванай вышэй локця сабачымі клыкамі, лілася кроў.


V

— Колькі чалавек наперадзе? — запытаў Смок, кідаючы сваіх змораных гудсонаўскіх сабак і пераскокваючы ў чакаўшыя яго санкі на першай подставе.

— Я налічыў адзінаццаць! — крыкнуў чалавек яму наўздагон, таму што Смок ужо пранёсся далей на сваіх новых сабаках.

Яны павінны былі везці яго пятнаццаць міль да наступнай змены, якая, у сваю чаргу, даставіць яго да Белай ракі. Сабак было дзевяць, але гэта была яго самая слабая запрэжка. Дваццаць пяць міль між Белай ракой і Шасцідзесятай міляй былі падзелены на дзве змены з-за награмаджэння лёду, і тут яго чакалі дзве самыя моцныя, вынослівыя запрэжкі.

Ён ляжаў ніцма, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, трымаючыся абодвума рукамі за санкі. Як толькі сабакі замаруджвалі свой імклівы бег, ён прыўзнімаўся на калені і, апіраючыся ў няўстойлівай роўнавазе на адну руку, з крыкам і гіканнем замахваўся на іх бізуном. Як ні слабая была яго запрэжка, яму ўдалося перагнаць двое санак да Белай ракі.